Як абараняць свае правы пры прызначэньні дактыляскапічнай і іншай экспэртызы
Cьледчы прызначыў экспэртызу - бяруць адбіткі пальцаў, узоры сьліны…Што рабіць? Будзьце спакойныя і ўпэўненыя ў сваіх правах.
Хто можа быць сьведкай па справе?
Сьведкай можа быць любы грамадзянін, якому вядомыя якія-небудзь акалічнасьці, што дапамагаюць усталяваньню ісьціны па пэўнай крымінальнай справе. Каб выклікаць якога-небудзь грамадзяніна на допыт, сьледства павінна валодаць адпаведнай аператыўнай інфармацыяй: ці ведае штосьці грамадзянін па справе. Грамадзянін мае права адмовіцца ад дачы паказаньняў, спаслаўшыся на арт.27 Канстытуцыі РБ і арт.60КПК РБ-ня сьведчыць супраць самога сябе.
Калі чалавек ня быў відавочнікам здарэньня і нічога ня ведае аб акалічнасьцях па справе, орган крымінальнага перасьледу павінен спыніць любыя сьледчыя дзеяньні.
Сьледчы, прызначыўшы экспэртызу, выносіць аб гэтым пастанову, дзе паказваюцца падставы яе прызначэньня; найменьне ўстановы, дзе яна будзе праведзеная; пытаньні ,пастаўленыя перад экспэртам; матэрыялы, якія прадстаўляюцца ў распараджэньне экспэрта.
Сьледчы абавязаны азнаёміць з пастановай грамадзяніна і растлумачыць яго правы. Аб гэтым складаецца пратакол, які падпісваецца сьледчым і грамадзянінам.
ПАМЯТАЙЦЕ: сьведка ня можа быць падвергнуты экспэртызе прымусова. Экспэртыза сьведак праводзіцца толькі зь іх згоды, якая даецца сьведкай пісьмова.
Паводле арт. 229 КПК РБ грамадзянін мае права пры прызначэньні і правядзеньні экспэртызы: знаёміцца з пастановай аб прызначэньні экспэртызы; заяўляць адвод экспэрту або замаўляць аб адхіленьні экспэртнай установы ад правядзеньня экспэртызы ў выпадку калі ёсьць сумнеў зацікаўленасьці ў выйсьце крымінальнай справы; прасіць аб прыцягненьні ў якасьці экспэртаў паказаных ім асобаў або адмыслоўцаў пэўных судова-экспэртных устаноў; прадставіць дадатковыя пытаньні для атрыманьня па іх заключэньня экспэрта; прысутнічаць з дазволу сьледчага, дазнаўцы пры правядзеньні экспэртызы; даваць тлумачэньні экспэрту; знаёміцца з заключэньнем экспэрта або паведамленьнем аб немагчымасьці даць заключэньне.
У выпадку задавальненьня хадайніцтва, заяўленага асобай, сьледчы зьмяняе сваю пастанову аб прызначэньні экспэртызы. У выпадку поўнай або частковай адмовы ў задавальненьні хадайніцтва выносіцца матываваная пастанова, якая аб’яўляецца грамадзяніну пад распіску.
Аб азнаямленьні з заключэньнем экспэрта складаецца пратакол, у якім адлюстроўваюцца зробленыя заявы або хадайніцтвы сьведкі.
Як павінны браць узоры сьліны?
Атрыманьне ўзораў праводзіцца з удзелам экспэрта і панятых, пры гэтым складаецца пратакол, які падпісваецца ўсімі ўдзельнікамі сьледчага дзеяньня. Пры атрыманьні ўзораў не павінны ўжывацца метады, небясьпечныя для жыцьця і здароўя чалавека або зьневажаючыя яго гонар і годнасьць. Аналіз бярэцца толькі добраахвотна, ва ўмовах стэрыльнасьці, у экспэртнай установе, а не ў кабінэце сьледчага.
Ці здаваць адбіткі пальцаў?
Паводле арт. 7 Закона РБ «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі» абавязковая дактыласкапічная рэгістрацыя ўсталяваная для грамадзянаў, якія праходзяць дзяржаўную службу ў праваахоўных органах, ва Ўзброеных сілах краіны, падатковых і мытных органах і ў іншых ведамствах, дзе грамадзяне працуюць на небясьпечных вытворчых аб’ектах. Таксама пад абавязковую рэгістрацыю падпадаюць грамадзяне, прызнаныя недзеяздольнымі па рашэньню суду, асобы ,якія знаходзяцца на прафіляктычным уліку ў МУС, прыцягваюцца за адміністрацыйнае правапарушэньне, за якое прадугледжаная адказнасьць у выглядзе арышту, а таксама асобы, падлягаючыя дэпартацыі.
Простыя грамадзяне могуць прайсьці дактыляскапічную рэгістрацыю толькі ў добраахвотным парадку.
Хто можа ажыцьцяўляць сьледчыя дзеяньні?
Любыя сьледчыя дзеяньні выконваюцца толькі сьледчымі, якія ўваходзяць ў сьледчую групу па крымінальнай справе.
Паводле ГА ”Прававая дапамога насельніцтву” на падставе законадаўства Рэспублікі Беларусь.

.png)

