Нашы пісьменнікі з намі
Сябры Камітэта разам з маладафронтаўцамі наведалі слыннага беларускага пісьменніка, даследчыка літаратурнай спадчыны - Уладзімера Содаля, які толькі што выдаў новую кнігу пра вядомага дзеяча беларускага Адраджэньня, першага рэдактара “Нашай Нівы”- Аляксандра Уласава.
Моладзь з цікавасьцю пазнаёмілася з такімі творамі пісьменніка, як “Людзьмі звацца”, ”Кушлянскі кут ”,”Жупранская старонка”, “Сьвяты куточак фальварак Свіраны”, даведалася аб 30-гадовай працы Уладзімера Ільліча на тэлебачаньні, дзе ён вёў перадачу “Роднае слова”. У гэтым годзе паважанаму пісьменьніку спаўняеццца 70 гадоў.
Вялікае абурэньне выклікаюць факты зьнявагі пісьменніка, якія мелі месца пад час яго затрыманьня напярэдадні 25 сакавіка і зусім нядаўна на Чарнобыльскім шляху.
“ У той дзень я сустракаўся з творчай інтэлігенцыяй на Залатой Горцы, бо зараз ідзе падрыхтоўка здымак фільма пра В.Дуніна-Марцінкевіча, - расказаў Ул. Содаль,- і я хацеў падказаць, якія куточкі старога Менска варта было б здымаць. Моладзь дала мне некалькі асобнікаў газэт, прысьвечаных 25 сакавіка. Праз тыя газеты, што выпалі ў мяне з рук на плятформу метро, мяне спынілі міліцыянт і дзяжурная па станцыі. У адзьдзяленьні міліцыі, дзе мяне дапытвалі, я стараўся патлумачыць, што займаюся даследчыцкай дзейнасьцю, што кнігі й газэты складаюць значную часту майго жыцьця. Заўсёды стараюся захоўваць для працы некалькі асобнікаў розных выданьняў. У пастарунку мне зрабілася кепска, і выратаваў мяне лекар хуткай дапамогі, які вырваў з рук супрацоўнікаў і адвёз у 5-ты клінічны шпіталь. Але назаўтра яны зноў тэлефанавалі й прасілі нейкіх тлумачэньняў...
....Пасля Чарнобыльскага шляху зноў, калі мы з жонкай вярталіся дадому, мяне зьбіў з ног ланцуг чорных кашуль, якія напалі на людзей. Гэта выклікала ў мяне вялізарнае абурэньне. Нават у вайну не памятаю, каб над намі чынілі такія расправы. На другі дзень мне патэлефанавалі з Польшчы, з газэты “Труд”, з БелПАН, я адчуў, што гудзе увесь сьвет”,- распавеў сп. Содаль.
© 2006-2008 Salidarnasc
