Зьміцер Дашкевіч
Нараджэньне героя.
З кнігі “Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ў 2006 годзе. Аналітычны агляд”.
У 2006 г. у беларускае заканадаўства былі ўнесеныя шэраг зьменаў, палажэньні якіх тым ці іншым чынам закранаюць правы чалавека. Такім чынам, адбылася далейшая палітызацыя крымінальнага заканадаўства краіны.
Крымінальны кодэкс быў дапоўнены артыкулам 193-1 (Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб'яднаньня, рэлігійнай арганізацыі альбо фонду, альбо ўдзел у іх дзейнасьці). Норма артыкулу прадугледжвае, што арганізацыя дзейнасьці альбо ўдзел у дзейнасьці арганізацый і фондаў, у адносінах да якіх уступіла ў сілу рашэньне аб прыпыненьні іх дзейнасьці альбо закрыцьці, караюцца штрафам альбо арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, альбо пазбаўленьнем волі на тэрмін да двух гадоў. Ва ўмовах, калі пераважная колькасьць няўрадавых арганізацыяў Беларусі працуе без рэгістрацыі, а атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю для незалежнай ад уладаў грамадзкай структуры практычна немагчыма, гэтая норма аўтаматычна запісвае ў злачынцы тысячы беларускіх грамадзянаў.
Толькі па крымінальнай справе супраць незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт" па ўсёй краіне ў якасьці сьведкаў было дапытана больш за 50 асобаў.
Зьміцер Дашкевіч быў арыштаваны 15 верасьня па падазрэньні ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт" у межах крымінальнай справы, узбуджанай згодна з арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу. Арышт 3. Дашкевіча быў санкцыянаваны Генэральным пракурорам Беларусі П. Міклашэвічам.
1 лістапада судзьдзя суда Кастрычніцкага раёну г. Менску Ала Булаш прызнала Зьмітра Дашкевіча вінаватым і прыгаварыла яго да году і шасьці месяцаў пазбаўленьня волі. Суд насіў закрыты характар. Менскі гарадзкі суд не задаволіў касацыйную скаргу Дашкевіча і пакінуў прысуд суда першай інстанцыі бяз зьменаў.
Яшчэ да ўступленьня прысуду ў законную сілу Зьміцер Дашкевіч быў накіраваны ў Шклоўскую калёнію Магілеўскай вобласьці, дзе і адбывае пакараньне.
Ад Старых Дарогаў да новага шляху.
Зьміцер Дашкевіч сядзіць у турме ўжо больш года. Пры гэтым кіраўніцтва Шклоўскай калёніі не скупіцца на шматлікія вымовы, штодзённы ціск, забараняе яму сустрэчы з кім-небудзь, акрамя бацькоў. З-за цяжкай фізічнай працы, юнак трапіў у турэмны шпіталь. Навогул, умовы ў Шклоўскай калёніі ня лепш тых, якія Зьміцер апісаў у сваім лісьце, калі ён знаходзіўся пад сьледствам:
“Умовы ўтрыманьня тут такія: 16 шконак (8 двайных нараў) і недзе 23 нас тут звычайна знаходзіцца. Самая вялікая праблема - недахоп паветра, бо тут на кратах стаяць «рэсьнічкі» (жалезныя жалюзі, якія ня рухаюцца, праз іх можна глядзець толькі ўгару, і тое ў вузкую шчылінку). Неяк, пасьля візіту АБСЭ, іх паздымалі, а праз палову году зноў павесілі. Так што ў камеры на 36 квадратных метрах (я падлічыў дакладна) сядзіць 23 чалавекі, а вакно метр на метр і тое ўсё жалезам абваранае.”
Натуральна, што ўзмацненьне пакараньня маладому палітычнаму зьняволенаму пагражае яго здароўю і турбуе беларускую дэмакратычную грамадзкасьць. Група прадстаўнікоў Камітэту "Салідарнасьць" пабывала ў бацькоў Зьмітра ў горадзе Старыя Дарогі.
…Маленькая двухпакаёвая кватэра ў панэльным доме. Увесь пярэдні пакой абстаўлены кніжнымі стэлажамі. Бацькі Зьмітра журналісты па адукацыі. Бацька Вячаслаў Уладзімеравіч усё жыцьцё працаваў у раённых газэтах, маці Вольга Васільеўна—у грамадзкіх арганізацыях.
Вячаслаў Уладзімеравіч сустракае гасьцёў у белай кашулі і чорных туфлях, з гонарам паказвае сваю бібліятэку, у якой шмат энцыкляпэдычных выданьняў, слоўнікаў, даведнікаў. На ганаровым месцы—поўны збор твораў Васіля Быкава, яго любімы. Вольга Васільеўна аддае перавагу творам У.Пікуля.
Сьціплы выгляд хаты кажа, што тут жывуць людзі зусім небагатыя, і кормяцца яны, як большасьць насельнікаў мястэчка, у асноўным "ад зямлі". Аб гэтым нагадваюць і гара шынкоў у пярэднім пакоі, і вялікая міска сушоных зерняў лусканай кукурузы—ану яна спатрэбіцца ўзімку? Вольга Васільеўна ўручае гасьцям некалькі хатніх "закатак" уласнага прыгатаваньня. Падзякаваўшы, мы пытаем яе аб апошняй двухдзённай сустрэчы з Зьмітрам у калёніі.
—Мы былі шчаслівыя, што нам дазволілі спатканьне ў асобным пакойчыку, дзе мы маглі пераначаваць разам з сынам. Там значна менш шуму, чым у агульным пакоі спатканьняў, хоць…дагэтуль у мяне ў вушах стаіць брэх аўчарак. Ня ведаю чаму, але яны яхкалі ўсю ноч.
Дзіма нам здаўся нейкім памужнеўшым, з тых часоў, як мы бачыліся апошні раз, больш спакойным, ураўнаважаным.
—Так,—уступае ў гутарку Вячаслаў Уладзімеравіч,—ён неяк пасталеў. Дарослы чалавек, ну што тут скажаш. А што не зьмянілася, так гэта адказы на пытаньні: "Усё добра, ставяцца да мяне нармалёва, не хвалюйцеся". Ён, у прынцыпе, заўсёды такі быў. Памятаю, перад яго арыштам, дакладней, калі ён зьбіраўся ў паездку ў Амэрыку, пасьля якой яго адразу арыштавалі, мы сядзелі зь ім у сквэры , размаўлялі. Кажу яму: "Заставайся тамака. Раз яны цябе выпускаюць, значыць , хочуць, каб ты зьехаў і пакінуў рабіць гэтую справу". А ён адказаў: "Не, тата. Я свой шлях абраў сьвядома і пройду яго да канца, чаго бы гэта не каштавала". І цьвёрда так сказаў: "Хопіць на гэтую тэму размаўляць".
—Так, значыць, Зьміцер даволі хутка знайшоў свой шлях у жыцьці?
—Не,—адказвае Вольга Васільеўна,—ня хутка. Пасьля школы ён мучыўся, шукаў сябе. У раёне далі квоту на аднаго чалавека ў Гарадзенскі сельгасінстытут. Паехаў ён. Адзін семэстар скончыў,а потым—не хачу і не хачу. Вярнуўся дадому. Мы з бацькам баяліся, каб ён не зьвязаўся з якой-небудзь дрэннай кампаніяй, а ён пайшоў працаваць на лесапільны завод. Добра працаваў, ня быў гультаём, я водгукі чула. Але таксама сумаваў—не мая гэтая справа. Пачаў хадзіць у нядзельную царкоўную школу. Кожную нядзелю хадзіў на працягу двух гадоў.
Прыходзіў дадому, нешта распавядаў. Біблію прынёс. Перад тым, як у Менск зьехаць, была ў яго гэтая смага Божага слова. А калі б ня гэтая вера і ня гэтая Біблія, якую ён з сабой носіць і не пакідае яе нідзе, я ня ведаю, як бы ён тамака трымаўся. Ня ведаю.
—Бог яго павёў па гэтай сьцежцы. У яго вельмі моцная вера цяпер, —дадае Вячаслаў Уладзімеравіч.—Шчыра кажучы, я спачатку ня вельмі хваліў яго такую заўзятую палітычную дзейнасьць, пяць гадоў таму, як ён зьехаў. Аднойчы запытаў ў яго па тэлефоне: "Дзе ты, чым займаешся ?". А ён у адказ: "Слухайце "Свабоду", чытайце "Народную волю", "Нашу ніву"—будзеце ведаць, дзе я”. Я паехаў шукаць яго ў Менск. Пару разоў быў у сядзібе БНФ. Там моладзь заходзіла, я пытаюся: “Ведаеце такога Дашкевіча? Дзе ён?” “Ды пакуль не сядзіць”, —адказваюць. Я стаў перагортваць розныя газэты і часопісы, што там былі. Чытаю, як яго адзін раз пасадзілі, другі раз пасадзілі, мусіць, больш за ўсіх адсядзеў “на сутках”. А потым я ўбачыў якая цемра народа яго падтрымлівала ў дзень суду. У першы дзень больш сотні было, і ня толькі маладыя былі, але і зусім сталыя. І ўсе падыходзілі віншаваць мяне, маўляў, што выгадаваў такога сына. А я кажу, што ў гэтым маёй заслугі няма, а наадварот, мне ды маці трэба за ім цягнуцца.
Я так мяркую, што яшчэ ў першую адсідку "на сутках" ён сустрэўся з Павалам Севярынцам. Севярынец яго і павёў за сабой з дапамогай Бога.
Адважнае сэрца.
Сапраўды, Павал Севярынец першы распазнаў у Зьміцера Дашкевіча тыя чалавечыя якасьці, якія пазьней зрабілі яго моладзевым лідэрам. Вось як ён пісаў пра гэта ў сваёй кнізе «Лісты зь лесу»:
Мы пазнаёміліся ў камэры на Акрэсьціна пасьля Дня Волі — 2002. Тады, пасьля мітынгу з кветкамі й сьпевамі ля помніка Янку Купалу, АМАП перакрыў выхады з парку, і арганізатары абвесьцілі: разыходзімся. Маладафронтаўцы, якія не ўяўлялі сабе Дня Волі бяз шэсьця, пратачыліся скрозь кардон, узьнялі сьцягі й павялі людзей праспэктам. Каля скрыжаваньня з Варвашэні да мяне падляцеў падпалкоўнік Гірэль: «Прыбярыце сьцягі! Зараз выставяць кардон; безь сьцягоў прапусьцяць, зь імі — не. Будзе хапун!» I праўда, праз паўхвіліны ўпоперак праспэкту пашыхтаваўся АМАП. Сьвята ўсё-такі ж, думаю. Усім, хто нясе сьцягі, камандую: «Згортваем. Падымаем пасьля скрыжаваньня». Згарнулі амаль усе і толькі наперадзе з самым вялікім палотнішчам працягвае ісьці шараговы маладафронтавец Зьміцер. «Згортвай сьцяг!» — крычу яму. Ён на сэкунду прыпыняецца, глядзіць на мяне яснымі вачыма: «Гэта ня сьцяг». «А што гэта?!» — «Гэта нацыянальная сьвятыня!» I рушыць далей. На Зьмітра шыкаюць усе вакол, Гірэль літаральна вісьне на руках. «Загад згарнуць!» — раву яму на вуха. «Пайшоў ты са сваім загадам», — сьцяўшы зубы й падымаючы сьцяг вышэй, адказвае Дашкевіч.
Кардон пераходзіць у наступ. Зьмітра за рукі-ногі ледзь заносяць у аўтобус чацьвёра здаровых амапаўцаў...
Памятаю, як потым на выпрабаваньні «Горад — наш!» на забойчай вышыні насупраць Дому друку ён з халоднай галавой ускараскаўся на сьлізкі ад дажджу скат даху (махаю рукой: «Хопіць! Вешаем тут!») і, быццам канатаходзец, балянсуючы, прайшоў па вільчаку ды прымацаваў сьцяг да маланкаадводу. Як на 18-ы дзень маладафронтаўскае галадоўкі ўжо сёлета тэлефанавала й ледзь ня плакала журналістка: «У яго ўжо костачкі прасьвечваюцца, як у вязьня Бухэнвальду, з рота пахне ацэтонам — у арганізьме незваротныя зьмены!..»
Прыхаджанін эвангельскай царквы, Дашкевіч распачаў Рэфармацыю «Маладога фронту». Усталяваў сярод сябраў руху маральны стандарт: «Калі мы змагаемся за Адраджэньне на хрысьціянскіх прынцыпах — ня маем права піць, паліць, блудзіць». I такое выхаваньне, на якое, прызнаюся, не заўсёды ставала адвагі ў нас са Скочкам, загартоўвала вакол Зьмітра моладзь сапраўды сумленную й самаахвярную.
Вязень сумленьня.
З усім запалам маладога сэрца ўспрыняў Зьміцер новую ідэалёгію маладзевага дэмакратычнага супраціву, якую распрацаваў Павал Севярынец: пачынаць змаганьне за перамены ў краіне зь пераменаў ва ўласным самаўсьвядомленьні. Маладым, не асабліва абцяжараным матэрыяльнымі праблемамі, лягчэй зразумець, што зьмяніць нешта ў жыцьці можна проста зьмяніўшы сваё стаўленьне да людзёў і да рэчаў. Гаворка ідзе аб ісьціне, якую маладафронтаўцы засвойваюць у выглядзе ўнутраных этычных перакананьняў: нельга здабыць сапраўдную асабістую волю ды годнасьць па-за змаганьнем за волю ды годнасьць грамадзтва, у якім жывеш. Гэта і будзе ўваскрашэньням нацыі на хрысьціянскіх прынцыпах, бо Бог зрабіў чалавека вольным.
Таму прысьвячэньне ў рыцары будучага беларускага адраджэньня для Зьмітра, а ўсьлед за ім для шматлікіх ягоных паплечнікаў, адбываецца праз Храм.
Вось яшчэ фрагмэнты з турэмных лістоў Зьмітра:
«Дзе дух гасподні, там свабода» 2Кар. 3:17.
“Свабода. Папулярнае й у той жа момант супярэчлівае паняцьце ў сучасным сьвеце. Для адных свабода—гэта свабода дзеяньня, якая то мяжуе, то перасякаецца з уседазволеннасьцю, для другіх свабода—магчымасьць бесперашкодна несьці праўду, а для іншых—пусты гук. А значык “За свабоду” на адзежы, ёсьць проста модная фішка”.
“Я разумею, што ўсім сябрам нашым цяпер вельмі цяжка. Перакананы аднак—праз зусім невялікі час, мы будзем паважаць гэтыя выпрабаваньні за вялікую Божыю школу, якая многаму навучыла нас і на многае адкрыла вочы. Пакуль жа нам трэба троху патрываць, “Каб выпрабаваная нашая вера выявілася даражэйшай за золата”. (1 Петра 1, 6-7).”
У Шклоўскай калёніі Зьміцер пачаў чытаць услых Біблію маладым зьняволеным. Рэакцыя кіраўніцтва была неадкладнай—усе "слухачы" былі пакараныя карцарам. Але працэс забіваньня страху ў душах ужо пачаўся. Энэргія супрацьстаяньня духу, якой Зьміцер прыцягваў да сябе юнакоў і дзяўчат на волі, пачала працаваць і ў калёніі. Такую энэргію можна замкнуць у карцэр, але ці наўрад яе можна зьнішчыць.
Гэта выдатна разумеюць і самі ўлады. Яны запраторылі яго ў турму, але ня маюць супакою і штодня шукаюць, чым бы яшчэ ўціснуць яго. Імкнуцца "прыплюсаваць" да аднаго тэрміну другі. Ім здаецца, што так яны забяспечаць сабе яшчэ год-другі спакойнага жыцьця. Марныя высілкі. Пасьля таго, як Зьмітра кінулі ў турму, у Малады Фронт запісаліся сотні новых сяброў, на сайце Маладога Фронту зьявілася ў некалькі разоў больш наведвальнікаў, актывісты Маладога Фронту ўзмацьнілі намаганьні за вызваленьне Дашкевіча і іншых палітвязьняў. А сам Зьміцер атрымаў у калёніі на свой 26-й дзень народзінаў больш за 200 лістоў ад сяброў, палітыкаў і журналістаў.
Дзіўныя рэчы адбываюцца—нават знаходзячыся пад узмоцненай вартай, малады змагар здольны супрацьстаяць разам са сваімі аднадумцамі велізарнай рэпрэсіўнай сыстэме, што стварыла улады. І мы бачым іхні страх перад юнаком за кратамі: бо яго вочы глядзяць на іх з шматлікіх улётак на сьценах і паштовых скрынях ва ўсіх буйных беларускіх гарадах, і тысячы маладых выходзяць на палітычныя акцыі і патрабуюць палітычных зьменаў, высока ўздымаючы сьцягі, на якіх намаляванае аблічча Зьмітра.
Уплывовая арганізацыя Міжнародная Амністыя прызнала Зьмітра вязьнем сумленьня. За мужнасьць і рашучасьць у адстойваньні грамадзянскіх правоў Зьміцер Дашкевіч быў уганараваны Міжнароднай прэміяй імя Роберта Кэнэдзі.
Яго арышт стаў пачаткам яго славы—славы як чагосьці абагульняючага сэнс 25-ці гадовага жыцьця: гатоўнасьці ахвяраваць асабістым лёсам дзеля лёса Бацькаўшчыны.
Яшчэ зусім нядаўна мы лічылі, што час герояў скончыўся з заканчэньнем апошняй вайны. Моладзевы супраціў у Беларусі даводзіць: мы зьяўляемся сьведкамі нараджэньня новых герояў. Ім належыць будучыня гэтай краіны.
| Пн | Аўт | Cр | Чц | Пт | Сб | Ндз |
|---|---|---|---|---|---|---|
| 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 |
| 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 |
| 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 |
| 22 | 23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 |
| 29 | 30 | 31 |
Найбольш частыя пытанні
- Добры дзень! Скажыце, калi ласка, якiя дакументы неабходны для адукацыi за мяжой?
- Вось калі падаваць дакуманты на навучаньне, ўвесь час патрэбна валодаць на 100 адсоткаў ангельскай мовай. А хто ў вогуле не ведае яе??? Што рабіць тым???
- Калі Я падаваў дакуманты ў Чешскі ўніверсітэт, па аб'яўленай праграме чэшскага ўрада, ў мяне забракавалі дакуманты, так як, патрэбна было пісьмовае, 100 адсоткавае валоданьне ангельскай мовай, каб рэктарат разумеў аб чым ідзе рэч. Што рабіць ў такім выпадку???
- Добры вечар. Я была рэпрэсавана ў мінулым годзе (Намткавае мястэчка).Пасьля адлічана з УНІВЭСЫТЭТА КУЛЬТУРЫ. Зараз мне прапаноўвываюць ехаць у Варшаву, але я згубіла дакумэнты (пастанова з суда), ня ведаю як узнавіць іх, і няма штампа ў пашпарце. Што й як можна зрабіць, каб трапіць у праграму "Каліноўскага" і да якога часу можна падаваць дакумэнты?
- Вітаю!!! У мяне такое пытаньне: Ці можа паступіць ў ВНУ па праграме Каліноўскага актывістка, якая скончыла 11 кляс, беларуска па паходжаньню, нарадзілася і ўсё жыцьцё жыла на Беларусі, але бацькі зрабілі часовы пашпарт грамадзянкі Расеі, так як, маці мае расейская грамадзянства???
© 2006-2008 Salidarnasc
