Сябры працягнуць змагацца за вызваленьне Казуліна
25 лістапада прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў наведалі калёнію “Віцьба”, дзе знаходзіцца ў зьняволеньні экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін. Да іх далучыліся рэгіянальныя актывісты зь Віцебску й Наваполацку.
Сябры й спадзьвіжнікі перадалі віншаваньні, лісты, паштоўкі й кнігі вязьню праз супрацоўніка калёніі. У гэты час праходзіла спатканьне А.Казуліна з роднымі ў будынку побач. Моцныя поклічы,” З Днём народзінаў!” “Свабоду Казуліну!” узьняліся над віцебскімі абшарамі.
Да сымбалічнага крыжа, што стаіць пры дарозе насупраць калёніі, прысутныя ўсклалі кветкі.

У кароткім імправізаваным мітынгу ўзялі слова Анатоль Ляўковіч, Алег Волчак. Сябра Аляксандра Казуліна Сяргей Скрабец распавёў прысутным аб днях праведзеных разам у няволі. У гэты ж дзень прайшлі акцыі салідарнасьці зь беларускім вязьнем сумленьня ў шматлікіх эўрапейскіх краінах.
Камітэтам абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” віншаваньні былі таксама накіраваны маці палітзьняволенага Яўгеніі Канстанцінаўне Дудко. Якая ў сваю чаргу паведаміла: ”Вельмі важна, каб працягвалася змаганьне за вызваленьне Аляксандра! Трэба звяртацца ў Міжнародныя арганізацыі, у Чырвоны Крыж, прыцягваць увагу грамадзкасьці. Я перажыла вайну й памятаю, што такое голад. Я ведаю, што ў майго сына праблемы са здароўем. Трэба, каб яны давалі яму добрае харчаваньне, каб правялі медычнае даследваньне. Нельга дазваляць, каб на Беларусі вынішчалі лепшых сыноў народа. Людзі добрай волі, памятайце пра Аляксандра Казуліна, дзейнічайце дзеля яго вызваленьня!”
© 2006-2008 Salidarnasc
