Гэта салодкае слова “свабода”
У Камітэце абароны рэпрэсаваных адбылася сустрэча грамазкіх дзеячоў і былых палітзьняволеных зь Мікалаем Аўтуховічам і ягонай дачкой. Сябры павіншавалі вязьня з вызваленьнем, пажадалі здароўя і аптымізма, і ўручылі ў падарунак кнігу Ўл. Арлова “Імёны свабоды”, якую аўтар напярэдадні падпісаў былому ваяру і прадпрымальніку.
Зараз былы палітвязень зьбіраецца паправіць здароўе, якое пагоршылася ў сувязі з доўгатэрміновымі галадоўкамі ў турмах. А пасьля мяркуе заняцца працай па перавозках.
“Хацелася б прывесьці ў парадак дом, які пастрадаў ад вобшукаў і канфіскацый, падтрымаць сям’ю, бо жонка пакуль што не працуе, “- сказаў спадар Мікалай.
Дачушка ваўкавыскага змагара не па гадах дарослая, ёй давялося шмат перажыць, але дзяўчына выдатна вучыцца, свабодна размаўляе па-ангельску і па-французску.
«У калёніі было вельмі халодна, вязьням часам даводзілася спаць у шапках,"–узгадвае Мікалай Аўтуховіч. - У памяшканьні 100 квадратных мэтраў знаходзіцца больш за 100 чалавек, вельмі частыя рэспіраторныя інфэкцыі. Шмат людзёў пакутуе за кратамі безпадстаўна.
“Пасадкамі кіруе кампанейшчына, - засьведчыў былы палітзьняволены. Калі трэба пакараць за гандаль людзьмі, то знаходзяць “вінаватых», якія не маюць непасрэднага дачыненьня да гэтага. Тое самае датычыцца і наркотыкаў.”
Для Мікалая Аўтуховіча выхад на волю быў нечаканым. “Першыя дзве ночы дома я зусім не спаў. Увесь час тэлефанавалі старыя сябры і знаёмыя, каб спраўдзіць інфармацыю аб вызваленьні, а потым ехалі павітаць.”
© 2006-2008 Salidarnasc
