Памяць пра змагароў за Беларусь жыве ў сэрцах
15 сакавіка адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка заснавальнікам БНР ў музэі Анатоля Белага ў Старых Дарогах. На імпрэзу прыбыло каля 50 прадстаўнікоў грамадзкасьці зь Менску, Гомеля і Бабруйску. Сярод іх былі ганаровыя чальцы гістарычнага клюба “Спадчына”, сябры Руха “За свабоду”, Камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”, Таварыства беларускай мовы, вядомыя пісьменьнікі, мастакі, музыкі. Помнік асьвяціў малітвай і служэньнем сьвятар Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы айцец Леанід Акаловіч.
Падзялілі радасць сьвяткаваньня граф Аляксандр Прушынскі і намесьнік амбасадара Чэхіі Томаш Ядлоўскі.
“Сёньня мы ўшаноўваем памяць айцоў-заснавальнікаў БНР, - зазначыў ў прамове старшыня клуба “Спадчына” Анатоль Яфімавіч Белы. - Уваскрасіць іх імёны і захаваць для нашчадкаў удаецца дзякуючы намаганьням мастакоў, скульптараў. Карнікі хацелі ператварыць іх ў лягерны пыл, іх імёны забаранялі, але сёньня яны з намі. Мы ўваскрашаем гэтыя сьвятыя імёны, захоўваем памяць, каб ведаць іх мог кожны школьнік і студэнт. Мы ўпэўненыя, што такія барыльефы праз некаторы час зоймуць пачэснае месца на сьценах беларускага Парлямэнта.
Нагадаю, што сябрамі клюба “Спадчына” створаны адмысловыя сайты “Пакутнікі Беларусі” і “Адраджэнцы”, якія захоўваюць 250 біяграфіяў і каля 1000 партрэтаў змагароў за Бацькаўшчыну", -расказаў спадар А.Белы.
Гісторыя сьведчыць, што мы перамагаем. Сёньня ўжо мала хто памята ідэялёгію КПСС, якая выкладалася ў ВНУ, адышоў ў нябыт Савецкі Саюз. Беларускі вызвольны рух сёньня захоплівае новыя пазіцыі. Калі за апошнія гады дзяржава ўсталявала толькі 7 помнікаў выбітным дзеячам краіны, то нам удалося стварыць іх 45. Мы ўшаноўваем дзеячоў мінуўшчыны і ўзнагароджваем сёньняшніх рупліўцаў Беларушчыны.”
“Сярод стваральнікаў БНР былі інжынэры, настаўнікі, літаратары. Дзякуючы іх самаахвярнасьці была закладзена аснова нашай дзяржаўнасьці”,- падкрэсліў старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч.
15 сакавіка медалём К.Каліноўскага “За самахвярнасьць і мужнасьць” ў змаганьні за дэмакратычныя ідэалы, свабоду і волю краіны былі ўзнагароджаны Аляксандр Казулін і Зьміцер Дашкевіч. Узнагароды былі перададзены семьям праз свакоў і бацькоў.
Медалём імя Цёткі клюб “Спадчына” уганараваў Вольгу Казуліну і Надзею Сармант.
Мядаль імя Васіля Быкава “За праўду ў творчасьці” атрымаў пісьменьнік Алесь Рыбак.
Ганаровы “Крыж Ефрасінні Полацкай “ за дабрачыннасьць быў уручаны Ігару Русаку.
У гэты ж дзень грамадзе быў прэзентаваны новы фільм з удзелам Уладзімера Арлова пра гісторыю абвяшчэньня БНР. Пад заканчэньне імпрэзы перад прысутнымі з нацыянальнымі сьпевамі выступіў Андрэй Плясанаў.
© 2006-2008 Salidarnasc
