Наша праца
Ціск на шматдзетную маці
Аксана Мікалаеўна Шаблінская - шматдзетная маці з Верхнедзьвінскага раёну. Сям’я Шаблінскіх працяглы час займалася фэрмэрствам і прапаноўвала свой ураджай мясцовым нарыхтоўчым фірмам.
Калі спадарыня Аксана актыўна занялася грамадскай дзейнасьцю і вылучыла сваю кандыдатуру ў дэпутаты мясцовага савета, на яе сям’ю абрынуўся нечаканы ціск. Прадстаўнікі сельсавета сабралі ў людзей пашпарты і не дазволілі галасаваць за А.М. Шаблінскую, настройваючы супраць яе мясцовых жыхароў. Калі раней адносіны аднавяскоўцаў былі паважлівымі і дабразычлівымі, то цяпер жыхары мястэчка пачалі з раздражненьнем называць яе “Бэнээфаўкай”. Нарыхтоўчыя арганізацыі адмовіліся набываць у сям’і Шаблінскіх гародніну, праца на зямлі стала нерэнтабільнай, мужу сп. Аксаны прышлося шукаць сябе іншую працу. Старэйшай дачцэ, якая была даверанай асобай маці на выбарах, ў школе пачалі заніжаць адзнакі, выклікалі на педсавет і імкнуліся застрашыць. Суседзі пачалі абражаць сям’ю ў краме. Атрыманьне звычайнай даведкі ў сельсавеце стала зьвязана з нямыслімымі перашкодамі. Але сп. Шаблінская змагла знайсьці аднадумцаў, якія падтрымалі яе ў адстойваньні грамадзянскіх правоў маці і жанчыны. Яна намерана і далей працаваць, каб перамяніць жыцьцё аднавяскоўцаў да лепшага, а перакананьні іх на дэмакратычныя.
Мары, якія спраўджваюцца
Першы, выпрабавальны год навучаньня, пасьпяхова прайшлі студэнты –каліноўцы ў Польшчы.
Усяго туды паехала 246 чалавек. У Варшаве навучаецца зараз 106 студэнта –каліноўцаў. Адзін зь іх – Ільля Навуменка. У мінулым годзьдзе ён скончыў Беларускі нацыянальны ліцэй, быў у сакавіку на Плошчы. Цяпер ён вывучае сацыялёгію ў Варшаўскім унівэрстэце. Абраная спецыяльнасьць яму падабаецца. Асноўнай праблемай перыяду адаптацыі ён лічыць складанасьць прывыканьня да іншай мовы й культурнага асяродзьдзя. Вельмі добрыя ўраджаньні засталіся ў яго пасьля вандроўкі па Польшчы пасьля адукацыйных курсаў. Пашанцавала юнаку з тутарам, які дапамагае вырашаць складаныя пытаньні.
У Гданьскім Універсітэце на розных спецыяльнасьцях навучалася 12 чалавек. Большасьць студэнтаў прайшлі перыяд адаптацыі, пасьля другой сесіі засталося 11 чалавек.
Сьцяпан Сьвідзерскі на Радзіме быў выключаны з гістарычнага факультэта БДУ ў 2006 годзьдзе за удзел у працы моладзі БНФ і намётавым мястэчку. Па праграме К. Каліноўскага ён вывучае ў Гданьскім Унівэрсітэце архівістыку. Хлопцу давялося акрамя польскай вывучаць яшчэ ангельскую й нямецкую мовы. Але ён цалкам задаволены. Беларускія студэнты ладзілі ў Гданьску вечарыны беларускай культуры. Нядаўна яны ўдзельнічалі ў адкрыцці помніку Я. Купале у прадмесьці Гданьск-Аліва. Вярнуўшыся дадому, С. Сьвідзерскі прымае ўдзел ў абароне Гародні ад разбурэньня.
Юрась Кеда вывучае гісторыю ў Ягелонскім Унівэрсітэце. Ён марыў аб гэтым яшчэ дома ў Менску, займаючыся навуковай працай. Яго артыкулы па гістарычных пытаньнях зьмяшчаліся ў друку. Спраўдзілася яго мара пазнаёміцца з архівамі Ягелонскага Унівэрсітэту. Мэтанакіраваны юнак цалкам засвойвае праграму навучаньня й ня мае цяжкасьцяў.
Аляксандр Рэзнікаў вучыцца ў Кракаўскай Тэатральнай Акадэміі на актэрскім адзьдзяленьні. У 2006 годзьдзе ён быў выключаны з Акадэміі мастацтваў за удзел у намётавым мястэчку й акцыях салідарнасьці, выгнаны з працы з Тэатра юнага гледача. Аляксандр шчасьлівы, што у суседняй краіне яму далі магчымасць зноў займацца любімай справай, іграць у тэатры, удзельнічаць у пастаўках. Былы студэнт той жа беларускай установы, Рыгор Цясецкі, патрапіў ў знакамітую Школу кінамастацтва ў Лодзь і праходзіць стажыроўку ў сусьветна вядомых рэжысэраў.
Шэрагі каліноўцаў растуць
Сёлета праграма імя К. Каліноўскага прыме каля 100 стыпендыстаў згодна з дамовай з Польскім бюро. Вучыцца ў Польшчу паедуць, у першую чаргу, студэнты, якіх выключылі на працягу гэтага навучальнага года, а таксама абітурыенты, якія ня маюць шанцаў патрапіць у ВНУ з-за сваей грамадскай актыўнасьці. Будуць мець шанец дзеці актывістаў, якія пацярпелі рэпрэсіі: былі выгнаныя з працы, падвяргаліся вобшукам, штрафам, арыштам.
Каб атрымаць накіраваньне на Праграму моладзь праходзіць сумоўе на пашыранае Радзе Камітэта абароны рэпрэсаваных. Трэба зазначыць, што ўзровень абітурыентаў сёлета даволі высокі, адзнакі складаюць пераважна ад 8 да 10 балаў. Моладзь хоча вывучаць эканоміку, замежныя мовы, ёсьць вялікая колькасць жадаючых атрымаць медыцынскую адукацыю.
Рок-музыкі выказваюць салідарнасьць
Творцы нацыянальных сьпеваў заўседы ішлі ў адзіных шэрагах са сваім народам, натхняючы моладзь на змаганьне за свабоду й волю. Вялізныя канцэрты на плошчы Бангалор у 2006-ым зьбіралі тысячы маладых прыхільнікаў пераменаў.
Сёлета гурт N.R.M. удзельнічаў ў канцэртах салідарнасьці з Беларусьсю, прысьвечаных 25-га сакавіка ў Варшаве. На выступах музыкаў на Замкавай гары ў сталіцы Польшчы сабралося шмат студэнтаў-каліноўцаў. Таксама Лявон Вольскі браў удзел у дабрачыннай праграме Вялікага Канцэрту Сьвяточнае дапамогі ў Беластоку з мэтаю збору сродкаў для хворых дзяцей.
Сустрэча з папулярным гуртом N.R.M. адбылася ў Менску на прыканцы траўня ў сядзібе БНФ. Аматары беларускае музыкі прыйшлі павітаць генэралаў айчыннага року. За тыдзень да гэтага Лявон Вольскі праз Камітэт абароны рэпрэсаваных перадаў “Маладому Фронту” дыскі з запісамі рок-музыкаў з пажаданьнямі посьпехаў.
Бацькі каліноўцаў – удзельнікі мастацкага плянэру
У арганізацыі экспазiцыі, прысьвечанай творчасьцi народнага паэта Р. Барадулiна, прыняла удзел віцебская мастачка Сьвятлана Баранкоўская. Яе дачка Станіслава Гусакова пасьпяхова навучаецца па праграме імя К. Каліноўскага ў Кракаве.
Выстава зьяўляецца вынiкам дзейнасьці 13-га мастацкага пленэра iмя Я. Драздовiча. Абаяльнасць i прастата Рыгора Барадулiна, глыбiня й шчырасць успрыняцьця iм сьвету ўразiлi тых, хто хаця б раз наведваў малую Радзiму народнага паэта. Асоба дзядзькі Рыгора стварае вакол творчую аўру, атмасферу сяброўства, дабрынi, лагоды, узаемнага спачуваньня, мастацка-метафарычнага погляду на сьвет. Важнае месца ў творах мастакоў займае партрэтны жанр. Ён прадстаўлены аллейнымi й акварэльнымi партрэтамi Р.Барадулiна ў выкананьнi В. Крука, У. Сулкоўскага, А. Скаварады, А.Шыёнка.
Мастакі iмкнулiся спасьцiгнуць духоўны сьвет паэта, узьняцца на вышыню ягоных думак, iмкненьняў. Таму ў лепшых партрэтах мастакоў – паэт адлюстраваны на фоне нябеснага блакіту, праменьняў сьвятла альбо выявы папы Рымскага Яна Паўла II. Партрэт у форме габэлена, выкананы Сьвятланай Баранкоўскай, паказвае непахіснага верніка, яго ўпартую мужнасьць, чуласьць, схільнасьць да філасоўскага роздуму над жыцьцём, гатоўнасьць ісьці за Божым заклікам.
Сустрэча з пастарам
Эрнэст Канстанцінавіч Сабіла наведаў нас па запрашэньню Камітэту абароны рэпрэсаваных. Сябры арганізацыі былі рады магчымасьці пагутарыць з прасьвiтарам Беларускай Эвангельскай Царквы, мужным вернікам, які прайшоў праз сталінскія лягеры.
У 1951 годзе дзевятнаццацiгадовы студэнт медынстытута Эрнэст Сабiла быў асуджаны на расстрэл за антысавецкую агiтацыю, абцяжараную рэлiгiйнымi й нацыянальнымі перакананьнямі. Прысуд быў заменены на дваццацiпяцiгадовае зьняволеньне. Бацькоў Э.Сабілы, каталікоў, выслалі за 100 км ад Менску. Сам сп. Сабіла адбываў зняволеньне ва Уладзіміраўскім цэнтралі, быў на цяжкіх працах, некаторы час сядзеў у адзіночцы.
Па вызваленьнi ў 1964 годзе з ГУЛАГу Эрнэст Сабiла патрапіў пад адкрыты перасьлед з боку КДБ. У пошуках працы ён зьвяртаўся на розныя прадпрыемствы, але за ім следам бег супрацоўнік КДБ, і уладкавацца было цяжка. Нарэшце, на працу узяў дырэктар завода прастым памочнікам слесара, не мінуўшы размовы з супрацоўнікамі КДБ.
Яшчэ ў савецкія часы сп. Сабіла марыў стварыць моцную дысідэнтскую партыю ці арганізацыю, але рэалізаваць гэта было немагчыма пад пільным вокам органаў. Пазьней спраўдзілася яго мара стварыць пратэстанцкую царкоўную суполку й ажыцьцявіць пастырскае пакліканьне.
Эрнэст Сабiла - адзiн зь нямногiх хрысьцiянскiх сьвятароў, якi актыўна падтрымлiваў беларускi нацыянальна-дэмакратычны рух напрыканцы 80-х - пачатку 90-х гадоў, вёў набажэнствы ў сваёй царкве па-беларуску.
А ў пачатку 21-га стагодзьдзя ён ізноў патрапіў пад перасьлед уладаў. У жніўні 2005 году суд ліквідаваў рэгістрацыю ягонай царкоўнай супольнасьці ў Менску й абавязаў яго заплаціць велізарную суму судовых выдаткаў. За адмову плаціць у яго была апісаная маёмасьць, сталаму чалавеку пагражалі штрафам і арыштам. Але гэтыя пагрозы ня змаглі зламіць чалавека, які ўсё сваё жыцьцё жыве верай і шануе Бога. Зараз сп. Сабіла будуе новую царкву ў Асіповічах. Яму выдзелілі кавалак зямлі ў балоцістай мясцовасьці, дзе ў ва ўсіх жыхароў затоплівае падвалы. З малітвай зьвярнуўся сп. Сабіла да Госпада, і праз некаторы час вільготнасьць на яго зямельным падзеле значна паменьшылася.
Эрнэст Канстанцінавіч Сабiла - асоба беларускага дысыдэнцкага руху, якая й сёньня адстойвае духоўныя й палiтычныя свабоды беларусаў, сьведчыць ад пераможнай веры ў Ісуса Хрыста. Пастар Эрнэст расказаў аб стварэньні аб’яднаньня рэпрэсаваных хрысьціян “Вязьні сумленьня”, якое ён ўзначаліў. У аб'яднаньне ўвойдуць хрысьціяне, рэпрэсаваныя як у мінулыя гады, так і цяпер. Таксама ён зьяўляецца адным з сябраў аргкамітэта Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.
З асаблівым гонарам і хваляваньнем Камітэт абароны рэпрэсаваных “ Салідарнасьць” рэкамендуе дачку Э. Сабілы на Праграму К. Каліноўскага.
“Усе, што ў нас ёсьць у жыцьці, зьвязана зь Беларусьсю”

26 чэрвеня суд Цантральнага раёну пацьвердзіў рашэньне аб дэпартацыі пастара пратэстантскае царквы ў гонар Іаанна Хрысьціцеля, грамадзяніна Польшчы – Яраслава Лукасіка. Царква, дзе нёс служэньне пастар Яраслаў, была адным з асяродкаў панаваньня Божае праўды й свабоды асобы , а таксама асяродкам шчырых прыхільнікаў беларушчыны.
У Камітэце абароны рэпрэсаваных адбылася сустрэча зь ягонай жонкай Наталяляй Лукасік, маці трох дзяцей. ”Рашэньне аб высылцы мужа з краіны выклікала ў нас вялізнае абурэньне, - распавяла спадарыня Натальля. - Спачатку былі сьлёзы, крыўда, бо ўсё, што ёсьць у нашым жыцьці, што мы рабілі, зьвязана зь Беларусьсю, тут застаюцца нашыя родныя, сябры. Такім чынам улады хацелі разьбіць нашу сям’ю, аказаць псыхалягічны ціск.
Але мы ўпэўненыя, што Госпад усё трымае ў сваіх руках. Значыць, для нас пачынаецца новы этап служэньня Царкве, людзям. Яшчэ ў 1998 годзе існаваў загад выслаць майго мужа з краіны. Яго неаднаразова выклікалі ў КДБ на размовы, але ён, не зважаючы ні на што, працягваў праводзіць ў царкве беларускамоўнае служэньне, удзельнічаў у руху Адраджэньня “Новая рэфармацыя”, падтрымліваў тых, хто знаходзіцца ў вязьніцах.”
Пастар Яраслаў Радзевіч (гэта прозьвішча аднаго зь яго шляхетных продкаў) паходзіць зь сям’і глыбока веруючых каталікоў. Яго бацькі мелі асабліва цёплую прыхільнасьць да беларускіх земляў, таму наша краіна зь юнацтва цягнула й прываблівала яго. Яраслаў у маленстве вельмі любіў прыроду й марыў стаць лесьніком. Некаторы час ён працаваў у Белавежскае пушчы, наведваў Нарачанскі край. У 1993 годзе вандруючы па нашай краіне, пад час малітвы зь сябрамі, Яраслаў адчуў асаблівае пакліканьне служыць Беларусі. Таму ён вырашыў паступіць у Варшаўскі ўнівэрсітэт на адзяленьне беларускай філялёгіі.
Натальля й Яраслаў пазнаёміліся на студэнцкай культурна-асьветнікай канфэрэнцыі, якую польскі студэнт арганізаваў для моладзі на Нарачы. Натальлю ўразіла яго апантанасьць, натхнёнасьць, любоў да Беларусі, пачуцьцё адказнасьці. Потым былі сустрэчы ў Менску ў касьцёле Сьвятога Роха. Гэта была адна з каталіцкіх парафій, якія першымі перайшлі на беларускую мову. Засталіся ў памяці пілігрымкі разам з моладзьдзю, служэньні, супольныя малітвы, вечарыны з гітарай. У 1998 годзе Яраслаў і Натальля ўзялі шлюб.
” Мы прынялі рашэньне жыць у Беларусі й ахвярна служыць ёй, ня гледзячы ні на якія перашкоды, цяжкасьці й нястачы ў жыцьці. Людзі прыходілі да нас дадому са сваімі праблемамі, пачуцьцямі, - расказвае жонка пастара. - Яны хацелі чуць слова Божае, знайсьці адказы на пытаньні, якія іх хвалюць. Наша хрысьціянская абшчына вырасла ў вялікую царкоўную сям’ю. Да нас неаднойчы прыязджалі Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч, яшчэ да свайго знаходжаньня за кратамі. Мы разам разважалі над такой праблемай, як павінен паводзіць сябе хрысціянін у дзяржаве. Мы пераканаліся, калі ўлада творыць злачынствы супраць свайго народа, хрысціанін знаходзіць выйсьце ва ўдзеле ў кампаніі грамадзянскага непадпарадкаваньня – супольных малітвах, пастах, галадоўках пратэсту, акцыях салідарнасьці.”
Пратэстанцкая Царква імя Св. Яна Прадвесьніка, дзе нёс служэньне пастар Яраслаў, была адным з асяродкаў панаваньня Божае праўды й свабоды асобы , а таксама асяродкам шчырых прыхільнікаў беларушчыны.
Цяпер у Яраслава й Натальлі трое дзетак: Ян, Марцін і Міра. Старэйшы сямігадовы Ян наведвае беларускамоўную школку. Вынікі навучаньня ў яго ў канцы года, на думку выкладчыцы, адпавядаюць узроўню 4 клясы. Маленькі філёзаф, сталасьцю разважаньняў і годнасьцю паводзінаў, ён нагадвае свайго тату. Празь некаторы час уся сям’я сустрэнецца ў Польшчы.
Пад такім назовам зьявіцца новая кніга прафэсара Лідзіі Савік. Яна будзе прысьвячана паэтам і пісьменннікам, якіх растралялі ўначы на 29 кастрычніка 1937 года. “Каб гэтыя творцы жылі й яшчэ шмат хто зь інтэлігенцыі, якая загінула ў гадзіну рэпрэсій, то наша краіна была б зусім іншай! ”, - сьцвярджае вядомая літаратуразнаўца. Пяру Лідззі Савік належаць кнігі пра В. Іпатаву “Адна між замкаў”, а таксама даследваньне пра пісьменьнікаў беларускай эміграцыі. Лідзія Сымонаўна - адна з тых , хто заўседы прыходзіць пакланіцца сьветлае памяці Васіля Быкава ў дзень яго народзінаў. Яна падтрымлівае працу Аргкамітэта па ўшанаваньню памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў.
Вяртаньне
У Камітэце абароны рэпрэсаваных адбылася сустрэча з К. П.Садоўскай. Кацярына Пятроўна больш за паўгады знаходзілася ў Гомельскай жаночай папраўчай калёніі. Яна была асуджана на два гады зняволеньня паводле артыкулаў 389, 391, 386.
Адвакат па адукацыі й прызваньню, К. Садоўская, знаходзячыся на пенсіі, некалькі гадоў працавала ў міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Вече”, што знаходзіцца ў Пскове й выдае друкаваны бюлетэнь пад назовам “Заступніца”. Кацярына Пятроўна імкнулася дапамагчы людзям у складаных жыцьцёвых сітуацыях, абараняла ў судах. Яе хвалявалі факты несправядлівасьці ў адносінах да былых вязьняў фашысцскіх концлягераў і турмаў. Яна сутыкнулася з фактамі абадраньня ў вязняў надбаўкі да пенсіі, неабходнай на лекі й на харчаваньне. Гэтая несправядлівасьць мясцовых органаў сацзабяспячэньня Кіраўскага раёна Магілеўскае вобласьці прымусіла К. Садоўскую звяртацца ў суд і адстойваць іх правы.
Не зважаючы на тое, што Кацярына Садоўская перанесла анкалягічную апэрацыю, у калёніі “палітычная” зьняволеная была разьмешчана на другім ярусе ложкаў. Ей усяляк стараліся стварыць перашкоды, але да актывісткі й на зоне пацягнуліся людзі, каб адкрыць душу й расказаць пра свае беды. Старэйшыя жанчыны агарнулі яе клопатам. К. Садоўская адчула моцную падтрымку з розных краінаў сьвету – Чэхіі, Польшчы, Францыі, атрымліваючы дзесяткі лістоў.
Сп. Кацярына засьведчыла, што ў турмах пакутуе шмат нявінных людёў, справы на якіх сфабрыкаваны. Прадпрымальнікі сядзяць разам цэлымі сем’ямі, не гледзячы на тое, што малодшыя сямейнікі маюць да спраў вельмі мала дачыненьня, у іх канфіскуецца маёмасць. Сама калёнія перапоўненая, людзі паміраюць у месцах зьняволеньня ад сардэчных захворваньняў і зь іншых прычын. Цяпер Кацярына Пятроўна хацела б прайсьці курс медычнай рэабілітацыі ў санаторыіі.
За веру у Госпада - на выгнаньне й пакуты
5 траўня па ініцыятыве Хрысціянскай дэмакратыі адбылася сустрэча з рэпрэсаванымі вернікамі й сьвятарамі – Эрнестам Сабілам, Уладзімерам Канатушам, былымі вязьнямі ГУЛАГУ, і сёньняшнімі выгнаньнікамі й нядаўнімі палітзьняволенымі – пастарам Яраславам Лукасікам і Паўлам Севярынцам.
Э.К. Сабіла, які шмат гадоў правёў у сталінскіх лягерах, працаваў на лесапавале, сядзеў у адзіночцы за сваё вызнаньне хрысціянскае веры, падкрэсліў неабходнасьць правядзеньня кампаніі “Нацыянальнага пакаяньня”. “Пакуль яшчэ мала было выказана слоў пакаяньня у грахах камунізму й сталінізму ў сродках масавай інфармацыі й на тэлебачаньні”, - зазначыў пастар.
“Адраджэньне краіны павінна пачынацца не зьверху, а з саміх яе жыхароў, - выказаў сваё меркаваньне пастар Эвангельскае Царквы імя Я. Хрысьціцеля - Яраслаў Лукасік. ( Ён зьяўляецца адным з пачынальнікаў моцнага руху беларусізацыі царквы пад назовам “Новая рэфармацыя”). – Улада адлюстроўвае стан грамадства . Пакаяньне дасьць плён, калі беларусы адмовіцца ад такіх заган як алкагалізм, абыякавасьць, блуд, гардыня, палітычны раздрай. Таксама, памылка беларусаў у тым, што яны не скарысталіся незалежнасьцю й зноў паклікалі гаспадарыць у краіну дух камунізму, які раней прынёс столькі пакут.” Пастар, які сам зьяўляецца па нацыянальнасьці палякам, зрабіў шмат, каб адрадзіць у беларусаў цікавасьць і любоў да роднае мовы й культуры.
Э.К. Сабіла заклікаў прысутных праяўляць салідарнасьць ва ўсіх магчымых праявах, бараніць адзін аднаго. “Калі салідарнасьць будзе такой моцнай, - сказал Павал Севярынец, - як пры абароне вернікамі Касьцёла святога Язэпа, як пры супольнай малітве на вул. Гурскага ў падтрымку рэпрэсаваных пратэстанцкіх сьвятароў, дзе прысутнічала каля 5 тысячаў чалавек, як гэта было на судзе “Маладога Фронту”, мы зможам казаць пра еднасьць грамадзянскае супольнасьці й спадзявацца на перамогу.
Мацнейшая акцыя салідарнасці
28-29 траўня ў Савецкім судзе г.Менска была ажыццяўлена спроба рэжыму судзіць сяброў “Маладога фронту” за выхаваньне моладзі на нацыянальнай ідэі й хрысціянскіх каштоўнасьцях. Але гэтыя высілкі пацярпелі крах. Суддзя Р. Аніскевіч быў вымушаны абмежавацца штрафам у 40-30 базавых велічынь. Перад будынкам суда была разгорнута мацнейшая акцыя салідарнасьці.. У ёй прынялі удзел прадстаўнікі грамадскасці, палітыкі, амбасадары замежных краін. Падтрымаць моладзь прыйшлі Аляксандр Мілінкевіч, Станіслаў Шушкевіч, Анатоль Лябдзька, Вольга Іпатава, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, а таксама былыя палітвязьні –Кацярына Садоўская, Павал Севярынец Мікалай Статкевіч.
У адзін ланцуг з моладзьдзю, каб абараніць сваіх дзяцей, з плякатамі й партрэтамі сталі бацькі маладафронтаўцаў, матулі студэнтаў-каліноўцаў, настаўнікі, выкладчыкі Беларускага нацыянальнага ліцэя й іншых навучальных установаў. Да удзелу ў акцыі далучылася шмат жанчын сталага веку, якія з гарачай любоўю і спачуваньнем паставіліся да маладзёнаў.
Не гледзячы на тое, што бацькоў звальняюць з працы з-за грамадскіх учынкаў моладзі,
(Т. Севярынец, Ул.Палажанка і інш), яны гатовыя далей змагацца за правы сваіх дзяцей і падтрымліваць іх.
Дыялог бацькоў і палітыкаў
23 траўня на сядзібе партыі БНФ адбылася сустрэча Бацькоўскае ініцыятывы Камітэта абароны рэпрэсаваных з прадстаўнікамі палітычных партый.
Удзел у ёй узялі лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч, старшыня партыі БСДГ - Станіслаў Шушкевіч, старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай партыі - Анатоль Лябедзька, намесьнік старшыні БСДП(Г) Анатоль Ляўковіч, старшыня Беларускае хрысціянскае дэмакратыі Павал Севярынец, старшыня жаночай партыі “Надзея”Алена Яськова й іншыя прадстаўнікі грамадскасьці. Сход, арганізаваны Бацькоўскім камітэтам, быў прысьвечаны тэме абароны моладзі ад рэпрэсій і прымеркаваны да Кангрэса дэмакратычных сілаў.
Салідарныя бацькі дзейнічаюць
16 траўня адбыўся прадстаўнічы сход бацькоў рэпрэсаванае моладзі. Бацькі выказалі сваю заклапочанасьць ў сувязі працягам пераследу моладзі па крымінальных і адміністрацыйных справах.
На сходзе былі абмяркаваны пляны салідарных дзеяньняў ў падтрымку моладзі ў сувязі з судом над “Маладым Фронтам”, які мае адбыцца 30 траўня у 14. 15 у Савецкім судзьдзе.
Бацькі прынялі рашэньне зьвярнуцца з лістом да Палітрады й запрасіць палітыкаў на наступны сход.
“Мы ганарымся тым,- выказаліся бацькі,- што ў авангарда моладзі сфармавалдася пачуцьцё высокай адказнасьці за будучы лёс краіны. Пра гэта сьведчыць дзейнасць “Маладога Фронту”, які зьяўляецца сьветапоглядным фронтам духоўнага абуджэньня й нараджае ў маладых душах адчуваньне свабоды й адказнасьці, прагу дзеяньня й нацыянальную салідарнасьць.
Пра гэта ж гаворыць змаганьне “Зуброў”, праца “Прававога альянсу”, акцыі моладзі БНФ, дзейнасць “Маладой грамады”, а таксама сотняў юнакоў розных рэгіенах краіны, якія яшчэ не далучыліся да грамадскіх арганізацый і выступаюць па-асобку.
Хлопцы й дзяўчаты ня могуць спакойна сядзець дома пакуль дыктатура вядзе наступ на правы грамадзян. Яны ладзяць акцыі пратэсту, развешваюць сьцягі й партрэты палітвязьняў, наносяць палітычныя графіці, рызыкуючы страціць вучобу й працу.
Ні мы, ні нашы дзеці ня можам спакойна чакаць да 2011 года, калі зноў зазьзяе надзея на пераўтварэньні. За гэты час дзесяткі людзей зноў могуць патрапіць за краты.
Таму заклікаем Вас, паважаныя палітыкі, калі Вы будзеце прымаць важныя рашэньні, якія могуць паўплываць на лёс краіны, памятайце пра нашу рашучую, гарачую, мужную й непахісную моладзь. Яна чакае ад Вас не толькі падтрымкі, але і ўзважаных і адказных крокаў, якія маглі б умацаваць і аб’яднаць шэрагі змагароў за перамены, і ажыцьцявіць іх.”
Праграма “Апека” працягваецца

Маці заўсёды верыць...
Праваабаронцы, актывісты праваабарончага цэнтру “Вясна” разам з сябрамі Камітэта абароны рэпрэсаваных зладзілі вандроўку на Гомельшчыну з мэтай атуліць сардэчным цяплом маці Юрыя Захаранкі ў гадавіну зьнікненьня сына.
Генэрал міліцыі Юры Захаранка не вярнуўся дадому 7 красавіка 1999 года.
Ульляна Рыгораўна, якая пражывае недалёка ад Мозыра, сустрэла іх ветліва й гасьцінна.
Яна заўсёды рада прыезду гасьцей, якія хочуць яе падтрымаць. І пагаварыць з добрымі людзьмі прыемна, да й багата чаго трэба зрабіць па гаспадарцы.
На вяку жанчыны было шмат гора й пакутаў. У Вялікую Айчынну вайну яна ў 16-ці гадовым узросьце была вывезена ў Няммечыну, працавала на гаспадароў, з жахам узгадвае бамбежкі, што адбываліся ў Заходняй Эўропе незадоўга да перамогі. Брат Ульляны Рыгораўны зьяўляецца Героем Савецкага Саюзу.
На жаль, жанчына ў адзін год страціла дваіх сыноў. Старэйшы сын ўвосень памёр пасьля аперацыі на сэрцы, малодшы зьнік праз паўгады ўвесну. Верыць Ульляна Рыгораўна, што ён вернецца дадому, прыйдзе й пастукае ў акенца, як толькі ён адзін звычайна робіць, знаёмым для яе чынам. Маці ніколі не губляе надзеі…
Наведваньне “БелРада”
Сябры Камітэта абароны рэпрэсаваных й “Маладога Фронту” наведалі інстытут радыяцыйнай бяспекі “БелРад” з мэтай азнаёміцца з новымі праграмамі дзейнасьці навукоўцаў у галіне абароны насельніцтва ад наступстваў Чарнобыльскай аварыіі. Яны спаткаліся з кіраўніком інстытута, прафесарам, членам-карэспандэнтам Нацыянальнай Акадэміі Навук В.Б. Несьцярэнка й загадчыкам лабараторыі У. І Бабенка й атрымалі ўсебаковую інфармацыю.
Інстытут “БелРад” праводзіць абшырныя даследаваньні ў Гомельскай, Магілеўскай, Берасьцейскай абласьцях, вядзе маніторынг стану здароўя дзяцей у дзіцячых садках і школах, ажыцьцяўляе кантроль над прадуктамі харчаваньня. Інстытут мае шэраг пунктаў радыяцыйнага кантролю ў забруджаных рэгіёнах. Нядаўна супрацоўнікі інстытуту дасьледвалі дзетак у Полацку, які раней лічыўся чыстым горадам. Замеры паказалі, што дзеці маюць невялікія, але небяспечныя дозы. Выклікае хваляваньне той факт, што дозы радыёактыўнага цэзія ўтрымліваюць арганізмы дзяцей, якія пражываюць у Менску.
Супрацоўнікі інстытута рэкамендуюць ужываць айчынны прэпарат “Вітапект-2”, які дазваляе якасна выводзіць радыёнукліды з арганізму чалавека. Разам з гэтым навукоўцы раюць кантраляваць чысьціню прадуктаў харчаваньня, апрацоўваць належным чынам садавіну, гародніну, малочныя прадукты. З інфармацыяй і прэпаратам “Вітапект” можна
азнаёміцца у Камітэце абароны рэпрэсаваных.
Нашы пісьменнікі з намі
Сябры Камітэта разам з маладафронтаўцамі наведалі слыннага беларускага пісьменніка, даследчыка літаратурнай спадчыны - Уладзімера Содаля, які толькі што выдаў новую кнігу пра вядомага дзеяча беларускага Адраджэньня, першага рэдактара “Нашай Нівы”- Аляксандра Уласава.
Моладзь з цікавасьцю пазнаёмілася з такімі творамі пісьменніка, як “Людзьмі звацца”, ”Кушлянскі кут ”,”Жупранская старонка”, “Сьвяты куточак фальварак Свіраны”, даведалася аб 30-гадовай працы Уладзімера Ільліча на тэлебачаньні, дзе ён вёў перадачу “Роднае слова”. У гэтым годзе паважанаму пісьменьніку спаўняеццца 70 гадоў.
Вялікае абурэньне выклікаюць факты зьнявагі пісьменніка, якія мелі месца пад час яго затрыманьня напярэдадні 25 сакавіка і зусім нядаўна на Чарнобыльскім шляху.
“ У той дзень я сустракаўся з творчай інтэлігенцыяй на Залатой Горцы, бо зараз ідзе падрыхтоўка здымак фільма пра В.Дуніна-Марцінкевіча, - расказаў Ул. Содаль,- і я хацеў падказаць, якія куточкі старога Менска варта было б здымаць. Моладзь дала мне некалькі асобнікаў газэт, прысьвечаных 25 сакавіка. Праз тыя газеты, што выпалі ў мяне з рук на плятформу метро, мяне спынілі міліцыянт і дзяжурная па станцыі. У адзьдзяленьні міліцыі, дзе мяне дапытвалі, я стараўся патлумачыць, што займаюся даследчыцкай дзейнасьцю, што кнігі й газэты складаюць значную часту майго жыцьця. Заўсёды стараюся захоўваць для працы некалькі асобнікаў розных выданьняў. У пастарунку мне зрабілася кепска, і выратаваў мяне лекар хуткай дапамогі, які вырваў з рук супрацоўнікаў і адвёз у 5-ты клінічны шпіталь. Але назаўтра яны зноў тэлефанавалі й прасілі нейкіх тлумачэньняў...
....Пасля Чарнобыльскага шляху зноў, калі мы з жонкай вярталіся дадому, мяне зьбіў з ног ланцуг чорных кашуль, якія напалі на людзей. Гэта выклікала ў мяне вялізарнае абурэньне. Нават у вайну не памятаю, каб над намі чынілі такія расправы. На другі дзень мне патэлефанавалі з Польшчы, з газэты “Труд”, з БелПАН, я адчуў, што гудзе увесь сьвет”,- распавеў сп. Содаль.
Ніхто не застанецца без дапамогі
Камітэт абароны рэпрэсаваных надае ўвагу патрэбам рэгіянальных актывістаў і іх сем'яў. Людзі, якія шмат гадоў самаахвярна працуюць дзеля дэмакратычных пераменаў у нашым грамадстве, рызыкуючы страціць працу й сямейны дабрабыт, здароўе й душэўны спакой, патрабуюць асаблівай маральнай і матэрыяльнай падтрымкі. Камітэт аказаў дапамогу 28 сем’ям з такіх гарадоў і населеных пунктаў як Віцебск, Берасьце, Слуцак, Барысаў, Салігорск, Маладэчна, Ворша, Клецк й іншыя.
Сродкі былі выдаткаваны на абследваньне ў шпіталі й санаторнае лекаваньне, на часовае ўтрыманьне кватэры пры страце месца ў інтэрнаце, аплату навучаньня пры вымушаным пераводзе на платную форму навучаньня, працу з юрыстамі, на транспартныя паслугі, а таксама на іншыя патрэбы. Дапамога была аказана па ўладкаваньні на працу.
Праграма “Апека”
Камітэт абароны рэпрэсаваных працягвае ажыцьцяўляць праграму “Апека “ па дапамозе старэйшым дзеячам культуры Беларусі. Прадстаўнікамі Саюза Беларускіх пісьменнікаў складзены сьпіс з асоб, якія патрабуюць першаснае дапамогі, матэрыяльнае падтрымкі й медычнай рэабілітацыі.
Днямі ў Камітэце адбылася сустрэча з жонкай Рыгора Іванавіча Барадуліна Валянцінай Міхайлаўнай, якая распавяла аб стане здароўя й патрэбах старэйшыны беларускай паэзіі. За час знаходжаньня Рыгора Іванавіча ў шпіталі ў адзяленьне, дзе знаходзіўся народны паэт, паступала вялікая колькасць тэлефанаваньняў ад рэдактараў газэт, выдаўцоў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў, і нават міністраў, якія хваляваліся за яго здароўе, і вернікаў, якія маліліся за яго.
У лютым сям’я Брадуліных адзначыла 46 -годзьдзе сумеснага жыцьця. Спадарожніца паэта спадарыня Валянціна зьяўляецца яго натхняльніцай і памочніцай з часоў іх навучаньня на філялягічным факультэце БДУ. Разам яны выхавалі дачку Ілону, прыхільніцу прыгожых мастацтваў, і любую унучку Дамінічку, якая вельмі падобна на дзядулю тварам і таксама цікавіцца філялёгіяй.
Візавая падтрымка
Камітэт абароны рэпрэсаваных працягвае аказваць візавую падтрымку сем’ям рэпрэсаванай моладзі. Магчымасць наведаць студэнтаў-каліноўцаў у Польшчы атрымалі іх браты й сестры, бацькі й бабулі, лепшыя сябры. Адчуваючы асобы гонар і задавальненне за сваіх студэнтаў, яны выказалі вялікае жаданьне пазнаёміцца з краінай і умовамі навучаньня моладзі.
Кансулят Польскай Рэспубліцы пайшоў насустрач і сваечасова задаволіў усе патрэбы ў афармленьні візаў. Напачатку рэалізацыі Праграмы імя К. Каліноўскага было замоўлена больш за 300 візаў.
Аказаньне такой дапамогі плянуецца й у будучыні. Усе тыя, хто пажадаюць наведаць сваіх стыпендыстаў у Польшчы, павінны прадаставіць даведку аб месцы навучаньня моладзі. У першую чаргу візы змогуць атрымаць сваякі навучэнцаў.
Камітэт падсумоўвае вынікі за год
Амаль год назад быў створаны Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”, які паставіў перад сабой мэту дапамагаць грамадзкім актывістам. Тым, хто актыўна ўдзельнічае ў дэмакратычным руху й за гэта падпадае пад рэпрэсіі з боку рэжыму. Сёньня мы падсумоўваем вынікі сваёй работы за год.
Аналітычны матэрыял, які мы падрыхтавалі, дазьваляе зрабіць высновы пра формы рэпрэсіяў рэжыму супраць актыўных грамадзянаў, прыналежнасьць рэпрэсаваных грамадзянаў да партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, вызначыць узрост, ступень адукацыі, полавую прыналежнасьць рэпрэсаваных, а таксама прааналізаваць дапамогу, што аказвалася Камітэтам ахвярам рэпрэсіяў.
За гэты пэрыяд да нас зьвярнуліся больш за тысячу чалавек (на 28 лютага 2007 года – 1028 чалавек). У асноўным гэта былі маладыя людзі ў веку 19-25 год (62 %), якія былі адлічаныя з ВНУ. Пасьля сакавіцкіх падзеяў 2006 года па краіне прайшло некалькі хваляў адлічэньняў. Дзякуючы салідарнасьці эўрапейскіх краінаў большасьць з тых, хто зьвярнуўся да нас, змаглі працягнуць адукацыю ў іншых унівэрсытэтах. Пасьля студэнтаў самую вялікую групу рэпрэсаваных складаюць актывісты, звольненыя з працы.
Асноўныя патрабаваньні рэпрэсаваных па стане на сёньняшні дзень:
-адукацыя (50%);
-праца (21%);
-матэрыяльная падтрымка (9%);
-мэдычная рэабілітацыя (8%);
-візавая падтрымка (4%).
На жаль, мы яшчэ ня можам цалкам задаволіць гэтыя патрэбы. Аднак салідарнасьць грамадзянаў эўрапейскіх дзяржаваў з нашымі грамадзянамі расьце й мы працягваем нашую працу.
| Пн | Аўт | Cр | Чц | Пт | Сб | Ндз |
|---|---|---|---|---|---|---|
| 1 | 2 | 3 | 4 | |||
| 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 |
| 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 |
| 19 | 20 | 21 | 22 | 23 | 24 | 25 |
| 26 | 27 | 28 | 29 | 30 | 31 |
Найбольш частыя пытанні
- Добры дзень! Скажыце, калi ласка, якiя дакументы неабходны для адукацыi за мяжой?
- Вось калі падаваць дакуманты на навучаньне, ўвесь час патрэбна валодаць на 100 адсоткаў ангельскай мовай. А хто ў вогуле не ведае яе??? Што рабіць тым???
- Калі Я падаваў дакуманты ў Чешскі ўніверсітэт, па аб'яўленай праграме чэшскага ўрада, ў мяне забракавалі дакуманты, так як, патрэбна было пісьмовае, 100 адсоткавае валоданьне ангельскай мовай, каб рэктарат разумеў аб чым ідзе рэч. Што рабіць ў такім выпадку???
- Добры вечар. Я была рэпрэсавана ў мінулым годзе (Намткавае мястэчка).Пасьля адлічана з УНІВЭСЫТЭТА КУЛЬТУРЫ. Зараз мне прапаноўвываюць ехаць у Варшаву, але я згубіла дакумэнты (пастанова з суда), ня ведаю як узнавіць іх, і няма штампа ў пашпарце. Што й як можна зрабіць, каб трапіць у праграму "Каліноўскага" і да якога часу можна падаваць дакумэнты?
- Вітаю!!! У мяне такое пытаньне: Ці можа паступіць ў ВНУ па праграме Каліноўскага актывістка, якая скончыла 11 кляс, беларуска па паходжаньню, нарадзілася і ўсё жыцьцё жыла на Беларусі, але бацькі зрабілі часовы пашпарт грамадзянкі Расеі, так як, маці мае расейская грамадзянства???
© 2006-2009 Salidarnasc
