Акрэдытацыя як дазвол альбо забарона на прафесію журналіста

Правапрымяняльная практыка па справах, звязаных з акрэдытацыяй у Беларусі

Аналіз. Актуальнай праблемай для журналістаў Беларусі з'яўляецца пераслед фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыя. Гэта вынікае з унікальнай спецыфікі беларускага заканадаўства аб СМІ, якое змяшчае два вызначэнні журналіста – «журналіст сродку масавай інфармацыі» і «журналіст замежнага сродку масавай інфармацыі» (арт. 1 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі»). Такі падыход сам па сабе можна лічыць дыскрымінацыйным.

Пад «журналістам замежнага сродку масавай інфармацыі» маецца на ўвазе «фізічная асоба, якая займаецца зборам, рэдагаваннем і стварэннем (падрыхтоўкай) iнфармацыйных паведамленняў i (або) матэрыялаў для юрыдычнай асобы, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі сродку масавай інфармацыі, зарэгістраванага за межамі Рэспублікі Беларусь, якая звязаная з гэтай юрыдычнай асобай працоўнымi дачыненнямі i мае акрэдытацыю ў Рэспубліцы Беларусь».

З гэтага вызначэння вынікае, што журналіст замежнага СМІ павінен працаваць на падставе працоўнай дамовы. Такім чынам, фрылансераў не прызнаюць замежнымі журналістамі і яны не маюць магчымасці атрымаць акрэдытацыю, якую выдае Міністэрства замежных спраў. У сваю чаргу, без такой акрэдытацыі ажыццяўленне журналісцкай дзейнасці ў інтарэсах замежнага СМІ супрацьзаконна (арт. 35 Закона аб СМІ). Не прызнаныя афіцыйнымі органамі ў якасці прадстаўнікоў прэсы, такія журналісты сутыкаюцца з шэрагам праблем, найбольш вострымі з якіх з'яўляюцца доступ да інфармацыі і бяспека.

Дзейнасць журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, заўсёды знаходзілася пад пільнай увагай праваахоўных органаў. Раней такіх журналістаў выклікалі ў пракуратуру ці Камітэт дзяржаўнай бяспекі для гутаркі або, часцей, ім выносіліся пісьмовыя папярэджанні за парушэнне заканадаўства (працу без акрэдытацыі).

З красавіка 2014 г. фрылансеры сталі цярпець пераслед у адміністрацыйным парадку за размяшчэнне сваіх матэрыялаў у замежных медыя. З гэтага часу дзясяткі з іх прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне артыкула 22.9 “Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі” Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь і прысуджалі ім штрафы.

Многіх журналістаў прыцягвалі да адказнасці неаднаразова. У кватэры журналіста з Магілёва Аляксандра Буракова і ў кватэры яго бацькоў праводзіўся «агляд месца адміністрацыйнага правапарушэння», падчас якога міліцыя забрала камп’ютары.

Фрылансерам, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, ставіцца ў віну «незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі», хоць, як вынікае з палажэнняў Закона «Аб сродках масавай інфармацыі», толькі рэдакцыі СМІ могуць прыцягвацца да адказнасці па артыкуле 22.9.

Такі пераслед журналістаў за распаўсюд інфармацыі ў замежных медыя з'яўляецца грубым парушэннем стандартаў свабоды слова. Звяртаючыся да ўладаў Беларусі, Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дунья Міятавіч неаднаразова выказвала занепакоенасць у сувязі з ростам колькасці беларускіх журналістаў, аштрафаваных за працу без акрэдытацыі. Яна, у прыватнасці, заявіла: «Акрэдытацыя не павiнна ператварацца ў дазвол на працу, і яе адсутнасць не павінна абмяжоўваць магчымасць журналістаў працаваць і свабодна выказваць сваё меркаванне. Усе журналісты павінны мець тыя ж прафесійныя правы, што і журналісты, якія працуюць у афіцыйна зарэгістраваных СМІ, уключаючы права шукаць і распаўсюджваць інфармацыю».

Беларуская асацыяцыя журналістаў праводзіць кампанію па ўнясенні зменаў у заканадаўства аб СМІ з мэтай стварыць умовы для свабоднай дзейнасці журналістаў-фрылансераў, а таксама аказвае дапамогу тым, хто церпіць судовы пераслед.

Статыстыка. У 2014 годзе беларускія журналісты 10 раз прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за працу без акрэдытацыі (агульная сума штрафаў – 52 млн. рублёў), у 2015 – 28 раз (агульная сума штрафаў – 146,78 млн. рублёў), у 2016 годзе – 10 раз (агульная сума штрафаў – 70,77 млн. рублёў). Уся статыстычная інфармацыя тут.

Як магчыма спыніць існуючую дыскрымінацыйную практыку ў адносінах да фрылансераў

На наш погляд пазбавіцца дадзенай праблемы можна пры выкананні ўладамі наступных крокаў:

  • Спыненне практыкі пераследу журналістаў па артыкуле 22.9. Дадзенае рашэнне можа быць прынята без змены заканадаўства пры наяўнасці палітычнай волі ў кіраўніцтва краіны. Можа быць рэалізавана ўнутраным даручэннем з Адміністрацыі прэзідэнта альбо іншых падобных органаў.
  • Перагляд падыходу да акрэдытацыі замежных журналістаў у Беларусі з дазваляльнага на заяўны. Можа быць рэалізаваны МЗС Беларусі нават без зменаў нарматыўна-прававых актаў, бо нават у межах сённяшняга заканадаўства падыход можа быць зменены.
  • Адмена абавязковай акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ. Можа быць рэалізавана праз змену закона “Аб СМІ” пры наяўнасці палітычнай волі ў кіраўніцтва краіны.

Таксама на вырашэнне дадзенай праблемы могуць уплываць суб’екты беларускай і міжнароднай грамадскасці, журналісцкі і грамадскія арганізацыі, якія могуць падштурхоўваць улады да прыняцця вышэй пералічаных крокаў.

Алгарытм дзеянняў свабоднага журналіста

  • што варта памятаць. Кожны грамадзянін Беларусі мае канстытуцыйнае права на збор, захаванне і распаўсюд інфармацыі. На гэта варта заўсёды спасылацца.
  • што варта рабіць у канкрэтных выпадках. Журналістам заўсёды варта мець пры сабе журналісцкае пасведчанне, нават калі Вы не акрэдытаваныя ў МЗС. Калі ў Вас узніклі праблемы, ніколі не трэба канфліктаваць з прадстаўнікамі ўладаў, не сварыцца і не лаяцца. Неабходна заўсёды спакойна і ветліва тлумачыць свае правы, свой журналісцкі статус і намеры. У выпадку парушэння правоў журналіста абавязкова пры першай жа магчымасці паведамляць інфармацыю калегам са свайго выдання і ў БАЖ для кансультацыі з юрыстам.
  • куды звяртацца. Кантакты БАЖ 8029 126 70 98, 8017 203 63 66, [email protected].

БАЖ гатовы дапамагаць журналістам у падрыхтоўцы скаргаў у канкрэтных выпадках. Для гэтага неабходна быць сябрам БАЖ і звярнуцца на [email protected].