Артыкул 411 Крымінальнага кодэкса – злачынны і антычалавечны

У Мінску адбыўся круглы стол, на якім паставілі пытанне пра адмену артыкула 411 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае крымінальнае пакаранне за дысцыплінарныя парушэнні вязняў беларускіх турмаў.

У працы круглага стала прынялі ўдзел праваабаронцы Алег Волчак, Ганна Шапуцька, Людміла Гразнова, Кацярына Садоўская, актывіст Руху “За Свабоду” Алесь Марчанка, юрыст Міхаіл Пастухоў, актывіст Руху салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў, Юлія Фралова, Кацярына Садоўская, Валеры Бандарэнка, палітык Вольга Маёрава, рэжысёр-дакументаліст Вольга Мікалайчык.

Грамадскія актывісты і праваабаронцы перакананыя, што ўлады павінны прыбраць артыкул 411 з Крымінальнага кодэкса («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»), як не адпавядаючы беларускаму заканадаўству ў сферы правоў чалавека і міжнароднаму праву.

Артыкул 411, які дастаўся нашаму Крымінальнаму кодэксу ад савецкіх часоў, не адпавядае прававым нормам.

Як адзначыў Алег Волчак, гэты артыкул у савецкі час на законных падставах, але неправавым чынам дазваляў кантраляваць паводзіны крымінальных аўтарытэтаў у вязніцах і нават неабмежавана падаўжаць іх тэрміны зняволення. Калі Беларусь стала незалежнай, дэмакратычныя ўлады не спяшаліся ўносіць змены ў КК, а цяпер гэты артыкул абярнуўся супраць тых, каго пераследуюць у тым ліку па палітычных матывах.

“Абсалютна незразумела, чаму гэты, фактычна барбарскі артыкул не быў выкінуты з Крымінальнага кодэкса адразу пасля атрымання незалежнасці. А цяпер савецкая спадчына ў нашых законах не дае нам вольна дыхаць і мы павінны рабіць тытанічныя намаганні, каб палепшыць сітуацыю. Выснова адсюль адна – нельга змагацца са злом незаконнымі метадамі, інакш гэтыя метады заўтра могуць быць скарыстаныя супраць цябе”, - пракаментаваў сітуацыю са значэннем артыкула 411 у савецкі і цяперашні час Алесь Марчанка.

Цікава, што артыкул 411 з постсавецкіх краін застаўся толькі ў Беларусі, Казахстане і Узбекістане, бо ён парушае права чалавека не быць пакараным двойчы за адно злачынства. Да таго ж, артыкул становіцца зручным інструментам для адвольнага ціску і прыніжэння вязняў супрацоўнікамі турмы альбо калоніі, бо абвінаваціць у “непадпарадкаванні”, “невыкананні законных патрабаванняў” і “парушэнні рэжыму” можна любога зняволенага, а механізмы аб’ектыўнага судовага разгляду ў спецыялізаванай установе практычна не працуюць.

“Гэта злачынны, антычалавечны артыкул. Трэба неадкладна патрабаваць яго адмены”, - адзначыў былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.

Удзельнікі круглага стала па выніках яго працы падпісалі зварот, адрасаваны спецдакладчыку па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, Камітэту ААН, Палаце прадстаўнікоў, Прадстаўніцтву ЕС, палітычным партыям і аб’яднанням, а таксама ўсім грамадзянам у якім апісваецца сітуацыя, якая склалася вакол вязняў Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага, а таксама ставіцца пытанне пра выключэнне артыкула 411 з Крымінальнага кодэкса (а да адмены - ўвесці мараторый на выкарыстанне) ў мэтах абароны правоў і свабод грамадзян.

Нагадаем, днямі праваабарончыя арганізацыі распаўсюдзілі заяву пра тое, што калі Андрэй Бандарэнка будзе асуджаны паводле артыкула 411, яму будзе нададзены статус палітвязня.
 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку