За права быць харошым чалавекам у Беларусі трэба плаціць

Літаратар Андрусь Горват, які жыве на вёсцы і займаецца сельскай гаспадаркай атрымаў ліст з патрбаваннем аплаціць падатак на дармаедства. Сваімі развагамі на гэты конт Андрусь падзяліўся у аўтарскай калонцы на сайце baj.by.

У Беларусі нельга быць проста харошым чалавекам... Учора я атрымаў ліст з просьбай аплаціць падатак на дармаедства. Ну, як просьбай? Патрабаваннем. “Гэтага не можа быць. Гэта памылка”, — падумаў я і пазваніў свайму інспектару. А ў мяне, аказваецца, і свой інспектар ёсць. Але памылкай гэта не было. Хоць я амаль два гады спаў спакойна з думкай, што сярод сялянаў дармаедаў не шукаюць і не адстрэльваюць, то былі прыгожыя мроі.

Не чапаюць толькі таго, хто мае зямельны надзел для вядзення сельскай гаспадаркі. Я такога надзела, высветлілася, не маю. Мае дваццаць пяць сотак толькі для абслугоўвання хаты. Ну, там, каб было куды рыдлёўку для чысткі снегу паставіць. Хоць я ўсё лета стаяў ракам у агародзе, даіў казу і карміў бабу Наташу яйкамі ад сваіх курэй, я ўсё адно дармаед.

Да гэтага моманту такі падатак мне здаваўся смешным. Цяпер смеху паменела. Кажуць, хутка выйдзе яго новая рэдакцыя, у якой такіх, як я, расстрэльваць не будуць. Пакуль новая рэдакцыя не з’явілася, я спрабую знайсці лагічнае тлумачэнне, за што з мяне дзяруць грошы.

Медыцына? Апошні раз я карыстаўся “бясплатнай” лякарняй, гадоў дзесяць таму, калі ад мяне штосьці хацеў ваенкамат. Да гэтага часу мяне туды вадзілі на “экскурсіі” ад універа і школы. Ніякай сваёй патрэбы хадзіць туды я не меў. От і цяпер нідзе ў свеце няма маёй медыцынскай карткі. А калі захварэю, то збіраюся паміраць дома.

Па дарогах я езджу аўтобусамі і маршруткамі. Разлічваюся за гэта, калі купляю квіток. А калі раз на год вяртаюся з лесу па хойніцкім асфальце, то я ж іду акуратненька, памаленьку.

Штогод я плачу за зямлю, на якой мой дзед пабудаваў хату, на якой я саджу памідоры і гадую казу. Сёлета памідорамі накарміў усіх сваіх родзічаў, бо чалавек я вельмі сквапны — вырошчваю ўсяго на пяць мяне. Гэта на той выпадак, калі раптам пачнецца вайна і трэба будзе пракарміць галодную дзеўку з дзецьмі, якой няма дзе жыць.

А калі сябар прыязджае ў госці, пасядзім з ім, пагамонім пра тое-сёе, ён ўжо ідзе да машыны, а я выбягаю з хаты і крычу яму ўследкі:

— Цыбулю, цыбулю вазьмі! У мяне сваёй цыбулі багата.

Але мне прыходзіць паперка, у якой напісана, што я дармаед.

З тых даўніх часоў, калі мой бацька — палкоўнік міліцыі — пайшоў на пенсію, я ніколі не звяртаюся да міліцыянтаў. Неяк больш мяне турбуюць яны. От участковы прыходзіў, каб паглядзець, хто я такі. Плаціць за тое, што ён захацеў са мной пазнаёміцца, — сам я б да такога не дадумаўся.

Я, можна сказаць, дзікі чалавек, “асацыяльная лічнасць”, жыву па прынцыпе: адчапіцеся, я не чапаю вас — вы не чапайце мяне.

Я нават не прашу ні ў кога талонаў у сталовую, пуцёўку на возера і абанементаў у працэдурны кабінет. І не магу зразумець, як хтосьці можа штосьці прасіць у мяне. Не прасіць — патрабаваць. Мы вас жэстачайшэ арыштуем, Андрусік Іванавіч, і расстраляем.

Не проста патрабаваць — чапляць цэтлік “социальное иждивенчество». З цікаўнасці я нават пагугліў, што за звер такі. Аказваецца, я не разлічваю на свае сілы і жыву за кошт іншых. За кошт дзяржавы.

За ўвесь час, што я правёў у вёсцы, ніводзін дзядзя не прыйшоў да мяне са свайго цёплага кабінета і не запытаўся: “Мо вам чым памагчы? Што для вас зрабіць?”. Насупраць — спачатку я бегаў і шукаў працу, а потым усім даказваў, што я не злодзей. Участковы прыходзіць — даказваю, што не наркаман, не суценёр, не алкаголік.

— Чэсна, чэсна, дзядзя, паверце на слава, — кажу. — Я харошы.

Збіраю сродкі на выданне сваёй кнігі праз “Талаку”, звоняць з банка і просяць пацвердзіць, што я не прадаю спайсы. Маўляў, мне грошы ідуць на рахунак па дзесяць рублёў, “падазрыцельна”. “Вы наш кліент, вы, можна сказаць, наш любімы кліент, але прыедзьце і напішыце, скуль вам грошы ідуць і куды вы іх дзееце, шчэ і квітанцыю прывязіце на ксеракопію”. А якое вам дзела? Не, ну праўда.

У мяне склалася ўражанне, што ўсе ў Беларусі нараджаюцца вінаватымі. І жыццё беларусу даецца для таго, каб даказаць, што ніякай віны няма. Нельга быць проста харошым чалавекам. Харошым чалавекам можна памерці, але для гэтага ўвесь час трэба збіраць даведкі і квітанцыі аб аплаце за права харошым чалавекам быць.
 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку