ЛПП – сплавіць абы-куды, каб адпачылі сваякі

Стаміўшыся змагацца за сваіх блізкіх, сямейнікі звяртаюцца да ўчастковых з просьбай накіраваць родных у ЛПП.

У 2013 годзе, як вынікае з падлікаў экспертаў УААЗ, у сярэднім адзін жыхар краіны, старэйшы за пятнаццаць гадоў, спажываў за год каля 17-18 літраў чыстага спірту.

У сувязі з тым, што высокі ўзровень алкагалізацыі ў Беларусі нясе для нацыі сапраўдную пагрозу, на высокім дзяржаўным узроўні ўсё часцей раздаюцца галасы за ўвядзенне прымусовай медычнай ды працоўнай тэрапіі як для гэтай катэгорыі грамадзянаў, так і для наркаманаў. Але ці сапраўды прымус дасць станоўчыя вынікі? Мо важней ліквідаваць прычыны хваробы, а не яе наступны?

Тым не менш, дзяржава дзейнічае старымі “савецкімі” метадамі. Мінулай восенню ў сістэме выканання пакаранняў былі створаныя чатыры спецыялізаваныя ўстановы. Два лячэбна-працоўныя прафілакторыі створаныя на месцы дзвюх зліквідаваных папраўчых калоніяў — № 10 у Наваполацку і № 19 у Магілёве. Дзве зоны — у “Воўчых норах” ды Глыбокім — адмыслова адведзеныя для наркаманаў, паведамляе Радыё Свабода.

Наколькі мэтазгодна вяртацца да старога савецкага досведу тых жа ЛПП, які дагэтуль прынёс вобмаль пазітыўнага плёну? Ці магчыма ўвогуле пазбавіцца ад алкагольнай ды наркатычнай залежнасці? Чым, дарэчы, адрозніваюцца алкаголікі ад наркаманаў?

Супрацоўнікі «Платформы» наведалі ЛПП у Наваполацку неўзабаве пасля паездкі ў «Воўчыя норы» — папраўчую калонію, дзе сёння ўтрымліваюцца асуджаныя паводле артыкула 328 (ужыванне і распаўсюд наркотыкаў).

Як сведчыць Алёна Красоўская-Каспяровіч, цяпер медыкаментознае лячэнне робіцца выключна па жаданні «кліентаў». Захавалася толькі працоўная тэрапія. Таксама створаныя ўмовы для таго, каб сядзельцы ня мелі аніякага доступу да алкагольных напояў.

Алкаголікі ў ЛПП цяпер лечацца толькі па жаданні. Такіх ахвотных усяго 10%. Астатнія ўпэўненыя, што ім лячыцца ня трэба. У якасці тэрапіі засталася толькі працоўная. Тая даволі буйная „промка“, якая была ў ПК-10, ужо ня дзейнічае, бо людзі са сталым трэмарам рук рабіць тую работу ня ў стане. У асноўным кантынгент ЛПП выконвае замовы „Зелянбуду“ ды сэзонныя працы ў бліжэйшых калгасах».

«Я спыталася ў адміністрацыі: а які ў такім выпадку сэнс знаходжання алкаголіка ў ЛПП? — кажа кіраўніца „Платформы“. — Начальнік адказаў: хай сваякі ды блізкія адпачнуць ад яго. Але ж нядоўга. Многія замест прызначанага году сядзяць палову тэрміну. Бо і ў ЛПП дзейнічае ўмоўна-датэрміновае вызваленне».

«Прававы статус ізаляванага ў ЛПП адпавядае статусу крымінальна асуджанага»

Адзначым, што насельнікі лячэбна-працоўных прафілакторыяў — гэта ня тыя, хто ўчыніў крымінальныя злачынствы пад уздзеяннем алкаголю і асуджаны на пазбаўленне волі. Такія сядзяць у калоніях. У ЛПП трапляюць асобы, якіх п’янымі затрымлівае міліцыя і якіх просяць ізаляваць ад сям’і самі родныя.

Праваабаронцы «Вясны» называюць падобныя метады барацьбы з хворымі, па сутнасці, людзьмі «гвалтам над асобай» і адзначаюць, што прававы статус асобы, ізаляванай у лячэбна-працоўным прафілакторыі, адпавядае статусу асобы, пазбаўленай волі. Нягледзячы на тое, што сядзельцы ЛПП не асуджаныя да пазбаўлення або абмежавання волі і не знаходзяцца пад адміністрацыйным арыштам.

Юрыст Павал Сапелка ў якасці:надзвычай грубага парушэння правоў чалавека ў ЛПП называе і «прымусовую працу», якую ў Дэпартаменце выканання пакаранняў маюць за эфектыўную форму ратавання ад алкагалізму. Пагадзіцца з такой фармулёўкай у «Вясьне» ня могуць, бо такая праца ідзе не ад выраку суду за здзяйсненне злачынства, а рашэньнем адміністрацыі. Прычым без адпаведнай заработнай платы ды пад пагрозай пакараньня. Паводле юрыста, «усё гэта — прыкметы прымусовай працы».

Паводле адказнага супрацоўніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Сяргея Красуцкага, калі раней была праблема з накіроўваннем грамадзянаў у падобныя ўстановы, бо ў ЛПП не было месцаў, то пасля адкрыцця дзвюх новых установаў у Наваполацку ды Магілёве, «месцаў хапае». Цяпер іх ува ўсіх дзевяці ЛПП Беларусі 6.300, прычым некалькі соцень зь іх вольныя, таму «на прымусовае лячэнне будуць накіроўвацца ўсе, каму гэта патрэбна».

«Прымусова цвярозым стаць немагчыма»

Як лічаць адмыслоўцы-нарколагі, праблема грамадства ў тым, што прыкладна 85% алкаголікаў не звяртаюцца па дапамогу, бо не разумеюць сваёй праблемы.

Паводле псіхолага Юліі Лагвіненкі, «трэба таксама размяжоўваць тых людзей, якія не ў запой сыходзяць, а злоўжываюць алкаголем і церпяць на бытавое п’янства»:

«Іншая справа — выстаўленыя медычныя дыягназы кшталту „хранічны алкагалізм“, „наркаманія“, “таксікаманія”. Гэта ўжо захворванне. Звычайна ўчастковыя міліцыянты ставяць свайго падапечнага алкаголіка, які ўчыніў нейкае супрацьпраўнае дзеянне, перад фактам і выбарам. А выбар які? Альбо вы едзеце ў ЛПП, альбо кадзіруецеся. Звычайна пацыента накіроўваюць на кансультацыю да псіхатэрапеўта або псіхолага.

Цягам трох месяцаў пасля ЛПП амаль 60% пачынаюць ужываць спіртное. За год дадаецца яшчэ 20%. Найчасцей выбар робіцца на карысць кадзіроўка. Яна бывае з медыкаментозным умяшаннем і без. Хтосьці кадзіруецца на год, хтосьці на тры або на пяць. Абсалютна адмовіцца ад алкаголю ніхто ня хоча. Найчасцей кадзіроўка будзе сарваная ў самым хуткім часе. Таму што гэта не самастойнае асабістае жаданне пацыента».

Як адмысловец Юлія Лагвіненка ня бачыць эфекту ад так званай прымусовай цвярозасці.

«Мы, псіхолагі, псіхатэрапеўты, псіхіятры-нарколагі можам дамагчыся станоўчай кароткачасовай рэмісіі, адмовы ўжываць алкаголь у пэўны прамежак часу, таго, каб рэмісія была найбольш працяглая, а рэцыдывы — як мага радзейшыя. Поўнага вылячэння ад алкагольнай залежнасці быць ня можа. Але будзе да месца казаць пра поўную адмову ад учынення супрацьпраўных дзеянняў у стане алкагольнага ап’янення. І на гэта якраз накіраваныя тыя ж самыя лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Калі гаварыць пра іх эфектыўнасць, то цягам трох месяцаў пасля ЛПП амаль 60% пачынаюць ужываць спіртное. За год дадаецца яшчэ 20%. А ў выніку толькі 13% кідаюць сваю хваравітую цягу. Але кідаюць не канчаткова, а як пры любой іншай хранічнай хваробе: ёсць свае рэмісіі і рэцыдывы».

«Блізкія не павінны падсцілаць саломку»

Мінчанка Лілія Шаўчэнка ў канцы 1980-х і ў 1990-х была вельмі вядомым ды запатрабаваным музычным прадусарам ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых былых савецкіх рэспубліках. Потым трапіла на самае дно жыцця. Але нечакана для многіх перамагла сваю залежнасць. Яна не аднойчы расказвала журналістам сваю гісторыю, бо спадзявалася, што такім чынам зможа дапамагчы тым алкаголікам ды наркаманам, якія страцілі надзею знайсці выйсце з беспрасветнай цемры. Лілія перамагла сваю бяду без прымусовага лячэння. Уласнымі сіламі. Аднак, паводле яе словаў, часам для хворага, які сустракае ад блізкіх не шкадаванне, а любоў, могуць быць эфектыўнымі і ЛПП, і кадыроўка.

«Галоўнае, — кажа жанчына, — блізкія такога чалавека не павінны падсцілаць яму саломку, баючыся, што ён можа балюча ўпасці. Бо калі чалавек сам не ўпадзе, яму ня будзе ад чаго адштурхнуцца для новага жыцця».

Сама Лілія, паводле яе словаў, належала да катэгорыі «вельмі дасведчаных алкаголікаў са стажам не ў адзін дзесятак гадоў». Гэты яе перыяд скончыўся тым, што яна стала бамжаваць і жыць па вакзалах. Яе нярэдка збівалі іншыя бамжы, у бяззубай старой з сінім тварам ніхто ня мог прызнаць колішнюю зорку постсавецкага эстраднага бамонду. Маці, якая на той момант працавала ў менскім наркалагічным дыспансеры, спрабавала яе выратаваць, але безвынікова. Літаральна праз тыдзень пасля стацыянарнага лячэння, якое ненадоўга дапамагала ёй, жанчына вярталася да бутэлькі.

З гледзішча Ліліі, адзін з першых крокаў на шляху выратавання — гэта разуменне таго, што алкагалізм — не прычына, а наступства. А каб вызваліцца ад залежнасці, трэба шукаць менавіта прычыну.
 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку