"Патрабуем спыніць нагнятанне істэрыі і атмасферы страху ў беларускім грамадстве і забяспечыць выкананне правоў чалавека"

Сем беларускіх праваабарончых арганізацый 24 сакавіка выступілі з заявай, у якой рашуча пратэстуюць супраць хвалі рэпрэсій уладаў у дачыненні да грамадзян за мірныя пратэсты з сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі патрабаваннямі.

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, канстатуем значнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне і адзначаем:

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь абвяшчае забеспячэнне правоў і свабод грамадзян найвышэйшай мэтай дзяржавы.

Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных дзеючым законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

Канстытуцыя краіны, сярод іншых грамадзянскіх і палітычных свабод, гарантуе грамадзянам свабоду мірных сходаў і выказвання свайго меркавання.

Пачынаючы з лютага, у многіх гарадах Беларусі адбываюцца мірныя сходы грамадзян, на якіх яны выказваюць нязгоду з эканамічнай палітыкай Урада, выступаюць супраць Дэкрэта прэзідэнта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.

Нягледзячы на абсалютна мірны характар гэтых сходаў, уладамі краіны былі распачаты рэпрэсіі да іх удзельнікаў і арганізатараў. Пад хвалю рэпрэсій патрапілі лідэры і актывісты палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, праваабаронцы, блогеры і журналісты шэрагу незалежных СМІ, звычайныя грамадзяне. Уладамі быў задзейнічаны і выкарыстаны шырокі спектр найгоршых рэпрэсіўных практык: адвольныя затрыманні, масавае выкарыстанне адміністрацыйных арыштаў, вобыскі ў офісах дэмсіл і прыватных памяшканнях, буйныя штрафы.

Асаблівую занепакоенасць выклікаюць выпадкі пераследу праваабаронцаў і журналістаў у сувязі з прафесійнай дзейнасцю.

Усяго па інфармацыі, якой мы валодаем, пачынаючы з 3 сакавіка за ўдзел у мірных сходах у той ці іншай форме былі рэпрэсаваны больш за 200 чалавек, больш за 100 з іх падвергнуты адміністрацыйным арыштам.

21-22 сакавіка стала вядома пра шматлікія затрыманні грамадзянаў у межах узбуджанай крымінальнай справы аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч.3 арт. 293 КК). Усе затрыманыя ўзяты пад варту і змешчаны ў СІЗА КДБ. 23 сакавіка КДБ паведаміла, што ў межах справы затрыманы 26 чалавек, прычым аператыўна-следчыя дзеянні працягваюцца і магчымыя новыя затрыманні.

Дзеянні прпадстаўнікоў сілавых ведамстваў суправаджаюцца грубымі парушэннямі правоў затрыманых, у прыватнасці, неабгрунтаваным ўжываннем фізічнай сілы.

Асаблівую занепакоенасць выклікае інфармацыя аб недапушчэнні адвакатаў да затрыманых. Мы расцэньваем дадзеныя дзеянні як парушэнне гарантаванага Канстытуцыяй краіны права на абарону.

Масавыя рэпрэсіі пры садзеянні ўладаў суправаджаюцца прапагандысцкай кампаніяй у дзяржаўных СМІ, скіраванай на нагнятанне істэрыі і атмасферы страху ў мэтах запалохвання грамадства. Гэта дае нам падставы ацэньваць характар пераследу як палітычна матываны.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, патрабуем ад уладаў:

  1. Неадкладна спыніць нагнятанне істэрыі і атмасферы страху ў беларускім грамадстве.
  2. Вызваліць усіх асоб, якія былі падвергнуты адвольным затрыманням ці адміністрацыйным арыштам за ўдзел у мірных сходах і выказванне меркавання.
  3. Забяспечыць няўхільнае выкананне ўсіх працэсуальных гарантый асобам, узятым пад варту ў межах узбуджанай крымінальнай справы; устрымацца ад любых форм ціску на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу, у тым ліку -- адвакатаў. 
  4. Забяспечыць правы грамадзян на мірныя сходы і выказванне меркавання, устрымацца ад ужывання гвалту ў дачыненні на іх, не перашкаджаць журналістам у іх прафесійнай дзейнасці.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”
ПУ «Цэнтр прававой трансфармацыі»
Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць»
Беларускі Дом правоў чалавека імя Б. Звозскава
РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт"
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
ПУ "Беларускі дакументацыйны цэнтр"
 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку