Як вырашыць праблему цыганоў?

Цыгане ў Беларусі - адна з самых заўважных і праблемных нацыянальных меншасцяў. Афіцыйна, ромаў ў нашай краіне - 15 тыс. чалавек, але, эксперты лічаць, што лічба насамрэч у разы большая і называюць больш імаверную лічбу - 60 тыс. чалавек.

Найбольшая колькасць ромаў пражывае на Гомельшчыне, як у гарадах так і ў вёсках. Асабліва шмат ромаў у Гомелі, Калінкавічах, Жлобіне у вёсках Прыбар, Васілевічы, Бабічы, Уваравічы, пас. Бальшавік ды інш.

Адна з актуальных праблем для ромаў, нягледзячы на высілкі ўлады, – непісьменнасць. Прыкладна палова ромаў – непісьменныя, ці маюць, у лепшым выпадку, адукацыю пачатковай школы, што, канешне, не можа не адбівацца негатыўна на якасці жыцця беларускіх ромаў.

Вялікая колькасць ромаў на Беларусі не маюць дакументаў: пашпартоў, атэстатаў аб сканчэнні сярэдней адукацыі, дакументаў на жыльлё, ў якім яны пражываюць. Гэта спрыяе іх ізаляванасці, немагчымасці легальна працаваць, атрымліваць адукацыю, інтэгравацца ў грамадства, напоўніцу карыстацца сацыяльнымі льготамі, якія прадугледжаны для грамадзянаў. Напрыклад, значная частка цыганскіх сямей - шматдзетныя, што дае ім права на атрыманне льготная жыльля, але, як скарыстацца гэтым правам, многія ромы не ведаюць.

На сёняшні дзень сярод ромаў востра стаіць і праблема беспрацоў'я. Толькі некалькі адсоткаў цыганоў афіцыйна працаўладкаваны. Рэшта ж цыганоў, дагэтуль, аддаюць перавагу традыцыйным для сябе заняткам: збіральніцтву металалому, гандлю, варажбе. Шмат цыганскіх жанчын змушаны пабірацца.

Цыгане ў Беларусі ня маюць магчымасці навучацца на ўласнай мове, яны не маюць сваіх друкаваных выданняў. У выніку - цыганская культура выглядае слабой сярод іншых культур. Цыганская мова і культура пакрысе занепадаюць.

Стан цыганоў у Беларусі прыцягвае пільную ўвагу і праваабаронцаў. Цягам дзвух апошніх год, Гомельская філія Беларускага Хельсінскага Камітэту, актыўна займаецца абаронай правоў цыганоў, прыцягненнем увагі грамадскасці да дыскрымінацыйнага стану гэтай нацыі.

Так, сябры арганізацыі накіравалі звыш 15 зваротаў у розныя інстанцыя (Міністэрства інфармацыі, аддзелы ідэалогіі рай- і гарвыканкамаў, МУС і ў розныя раённыя СМІ) з патрабаваннем спыніць дыскрымінацыйнае стаўленне да цыганоў з боку журналістаў і міліцыянтаў, не распальваць варожасць да цыганоў.

Актывісты грамадскай арганізацыі "Сацыяльныя праекты" ужо некалькі гадоў запар ладзяць сумесныя праекты з прадстаўнікамі цыганскай меншасці. Неўзабаве стартуе праект, які прадугледжвае дашкольнае навучанне для цыганскіх дзяцей, каб надалей яны лепш інтэграваліся ў школьных, дзіцячых калектывах.

"Вядома, што цыганскія дзеці, – кажа кіраўніца арганізацыі "Сацыяльныя праекты" Ніна Кекух, – дома размаўляюць па-цыганску і ім трэба загадзя дапамагчы, навучыць элементарным рэчам, у тым ліку, як сабе паводзіць у калектыве, як апранацца ў школе. То бок, вось такім элемантарным рэчам, з якімі часта цыганскія дзеці не знаёмы. У нас ужо ёсць дамоўленасць з упраўленнем адукацыі, яны зацікаўленыя ў такіх праграмах. Яны прызнаюць, што такая праблема ёсць, і, калі сумесна паспрабаваць яе вырашыць, праз арганізацыю груп дашкольнікаў на базе школ, магчыма можна будзе дамагчыся таго, каб гэтыя дзеці скончылі школу".

Відавочна, каб вырашыць такую колькасць праблемаў ромаў, патрэбна доўгатэрміновая разгалінаваная дзяржаўная праграма па падтрымцы цыганскай супольнасці. Варта агульнымі намаганнямі прадстаўнікоў улады, цыганскай супольнасці, грамадскіх ды праваабарончых арганізацый спрабаваць вырашаць праблемы ромаў: спрыяць іх сацыялізацыі, падвышаць прававы ды культурны ўзровень, вырашаць іх сацыяльныя праблемы.

Паводле spring96.org
 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку